Чытаючая нацыя?



Перафразуем класіка: скажы мне, што ты чытаеш, – і я скажу табе, хто ты! А калі звярнуць увагу на тое, якія кнігі часцей набывалі беларусы ў 2021-м, то ўвогуле праяснім многія рэчы. Адна справа – спампаваць задарма ў інтэрнэце або ўзяць пачытаць у бібліятэцы! Зусім іншая – мэтанакіравана знайсці тое, што падабаецца, і аддаць свае грошы на кнігі!

Ва ўмовах сучаснай Беларусі ўсё гэта ўдвайне гераічна: знайсці прыстойную кнігу, набыць, прачытаць… Карацей, спадарства, мы пакуль застаемся чытаючай і думаючай нацыяй. Чым жа занятыя нашы галовы? Адна з самых папулярных інтэрнэт-кнігарняў распавяла аднаму са старэйшых і яшчэ не заблакаваных у Беларусі інтэрнэт-парталаў, што найбольш чытачоў – прадказальна! – у сталіцы. І найчасцей яны набывалі Оруэла (“1984”), калі мы размаўляем пра мастацкую сусветную літаратуру, Горвата, калі мы кажам пра літаратуру айчынную або кнігу “Да сябе пяшчотна” менскага псіхолага Вольгі Прымачэнка.

І ўсё ж кожны чытаючы чалавек засынае і прачынаецца са сваёй кнігай… І для кагосьці будзе блізкай па духу кніга “Падрадкоўнік”. Успаміны вядомай перакладчыцы Ліліаны Лунгіной. Спачатку быў вядомы фільм Алега Дармана, а потым – кніга па фільму. Тоўсценькае выданне пад цвёрдай вокладкай, дапоўненае шыкоўнай падборкай старых фатаграфій. Жыццё савецкай дзяўчынкі, што воляй лёсу пражыла дзяцінства ў Германіі і Францыі, а ў  1930-х трапіла ў СССР. Не забылася замежныя мовы, атрымала вышэйшую адукацыю і стала майстрам перакладу. Дзякуючы ёй савецкія дзеці прачыталі кнігі Астрыд Ліндгрэн, пазнаёміліся з Карлсанам з даху і Эмілем з Лёнебергі.

І дзякуючы ўспамінам Лунгіной мы можам многае даведацца пра жыццё інтэлігентнага чалавека ў часы рэпрэсій, пра дысідэнцкі рух і самвыдат. Усё гэта было гісторыяй яшчэ пару год таму. Усё гэта стала рэальнасцю нашых дзён. Дэфіцыт інфармацыі, палітычныя зняволеныя, перадачы і страх вымавіць лішняе слова. І разам з гэтым – салідарнасць, чытанне і перадрук забароненай літаратуры, грошы і пасылкі ў “зону”. Хтосьці таемна перадаваў грошы, хтосьці здабываў дэфіцытныя прадукты, хтосьці не баяўся адправіць гэта пасылкай. І лісты, патрэбна была мужнасць пісаць ім лісты. Усё паўтараецца. І – забываецца. Час ад часу чалавек павінен паўторна атрымліваць вакцыну ад таталітарызму?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ