Ciao, Italia!



У лютым месяцы пахне вясной насуперак магчымым марозам. Галоўнае навіны не чытаць.

З іншага боку, немагчыма не зазірнуць у інтэрнэт зімовымі выходнымі, калі за вокнамі маем надвор’е, якое зусім не спрыяе шпацыру на свежым паветры… Санкі? Лыжы? Не, даўно не чулі – забыліся! Гадзінка сонца за ўвесь дзень – раскоша! Затое мы трапілі ў чарговы зусім не пазітыўны рэйтынг. За апошнія два гады ў Беларусі пагоршылася сітуацыя з адкрытасцю ўлады і вяршэнствам права.

Мы стаім на 65-м радочку ў рэйтынгу міжнароднай недзяржаўнай арганізацыі World Justice Project. І па версіі іх экспертаў законы ў нашай дзяржаве працуюць лепш, чымсьці ва Украіне ці Расейскай Федэрацыі… Парадуемся? Але наша сітуацыя горшая ў параўнанні з Уругваем, Казахстанам або Індыяй… Гучыць досыць дзіўна, экзатычна, праўда? Эстонія – на 12 месцы. Польшча – на 25-м. Лідары – Данія, Нарвегія, Фінляндыя.

Поўнач “руліць”! І ўсё ж зімой хочацца на поўдзень – насуперак розным юрыдычным нюансам і не самаму нізкаму ўзроўню карупцыі. Італія! Чаму не? Шчодрую прапанову зрабіў муніцыпалітэт італьянскага гарадка Алалаі на выспе Сардынія. Проста шыкоўную прапанову! Тут выстаўленыя для продажу дзве сотні каменных дамкоў. Кошт кожнага – 1 еўра. Гаспадары ад іх адмовіліся… А новыя гаспадары “бонусам” да нерухомасці ў маляўнічым горным мястэчку маюць адну простую ўмову.

За тры гады яны павінны аднавіць напаўразбураны дом і вярнуць яму гістарычны выгляд. Няма таго, што раньш было? А вы папрацуйце, даражэнькія, паспрабуйце аднавіць стары дом… Тым болей, ва ўсіх аналагічных сітуацыях спрацоўвае шанец атрымаць від на жыхарства ў еўрапейскай дзяржаве. Гэта магчымасць сагравае… Новыя гаспадары з’явіліся ў трох дамах, але ж усё наперадзе! Можа, там і новыя беларусы з’явяцца?   

Беларускае Радыё РАЦЫЯ