Далёкая Бразілія – як табе жывецца?
Параўнанні – справа няўдзячная, але так ужо працуе чалавечая галава: міжволі параўноўваеш! І калі разумееш, што іншаму таксама няпроста, робіцца лягчэй, з’яўляецца стымул для змагання за лепшую долю!
Вось думаеш так пра далёкую Бразілію, якую ведаеш адно па серыялах, папулярных у тваім дзяцінстве, і разумееш, што ім, бедным, цяжэй за беларусаў жывецца: наркатрафік, злачыннасць, клімат, не самая лепшая сацыяльная палітыка… Праблемы з дэмакратыяй падобныя! Каронавірус… Потым чытаеш навіны і разумееш: штосьці не так. Нешта не супадае. Што менавіта?
6 чэрвеня Міністэрства аховы здароўя Бразіліі перастала размяшчаць у сеціве статыстыку па каронавірусу. Да гэтага інфармацыя пра колькасць тых, хто захварэў і памёр, рэгулярна з’яўлялася ў адкрытым доступе. Была інфармацыя па асобных штатах пра тых, хто захварэў і памёр, параўнанне мясцовай сітуацыі з іншымі краінамі, аналіз і сінтэз… І тут спадары-чыноўнікі ад медыцыны заявілі: сайт будзе абнаўляцца раз на суткі. І ніякіх падрабязнасцей. Такое рашэнне жорстка ракрытыкавалі і палічылі дзяржаўнай цэнзурай – паведамляюць СМІ. Вярхоўны суд пару дзён “падумаў” і вырашыў: такія паводзіны Міністэрства аховы здароўя – гэта маніпуляцыя і тактыка таталітарных рэжымаў. Таму, маўляў, вяртайце тое, што было!
Прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару з’яўляецца вядомым “кавід-дэсідэнтам” і ворагам карантынных мераў. Бразілія знаходзіцца на другім месцы ў свеце па ліку хворых на каронавірус і трэцяе – па ліку памерлых. Усё прадказальна – прасцей не зважаць на сур’ёзную праблему. Хай пройдзе само па сабе. Знаёмая пазіцыя.
Вярхоўны суд Бразіліі даў ураду дзяржавы 48 гадзін на аднаўленне работы сайта ў звычайным рэжыме. Праз дзень статыстыка з’явілася ў поўным аб’ёме, хай сабе і не суцяшальная.
Час пакажа, якія меры ў змаганні з эпідэміяй былі апраўданыя, але нідзе і ніколі мана не давала профіту… Нават у Бразіліі, дзе “шмат дзікіх малпаў”.