Даўгі і знаходкі



Закон бумеранга заўжды спрацоўвае. Падчас – пад прымусам…

Папросту кажучы, даўгі лепш вяртаць… Інакш вам пра іх нагадаюць. Падчас – арыгінальна.

І як не ўцячэш ад сябе, любімай, так не схаваешся і ад сваіх даўгоў, нават з’ехаўшы ў далёкую экзатычную краіну. Жан­чы­ну, што два га­ды не пла­ці­ла за ка­му­нал­ку і ме­ла агуль­ны доўг звыш 15 міль­ё­наў беларускіх рублёў, су­пра­цоў­ні­кі Ма­гі­лёў­ска­га цэнт­ра га­рад­скіх ін­фар­ма­цый­ных сіс­тэм знайшлі аж у Паўднёвай Карэі. І не патрацілі ні капейкі ў якасьці камандзіровачных. Камунальнікі ў 21 ст. актыўнічаюць у сацыяльных сетках.

І чарговую даўжніцу ў далёкай краіне яны знайшлі праз са­цы­яль­ную сет­ку «УКан­так­це». Пашанцавала, што беларуска з’ехала ў “правільную” Карэю з нармалёвым інтэрнэтам. І яна была зусім не супраць аплаціць свае даўгі. Патрэбная су­ма бы­ла выплачана літаральна за два тыдні. Не ўсе даўжнікі рэагуюць так пазітыўна на звароты камунальнікаў… Абышлося без хамства і звароту ў суд. Цікава…

Не менш цікавы выпадак, звязаны з грашыма, здарыўся з адной смаргонскай студэнткай.

18 студзеня Алёна Дубяга ехала са Смаргоні на вучобу ў каледж… І калі выходзіла з цягніка ў горадзе Маладзечна, знайшла чорны кашалёк. Унутры быў ладны стосік купюрак і нататнік. Гаспадыня партманэ сядзела побач і выйшла трохі раней… Прыйшоўшы ў каледж, дзяўчына стала набіраць нумары, знойдзеныя ў нататніку, і натрапіла на дачку ўладальніцы кашалька. Прызначыла сустрэчу. Аддала кашалёк.

Дзяўчына са Смаргоні вучыцца ў каледжы на першым курсе, піша “Рэгіянальная газета”. І вучыцца добра. Алёна абрала спецыяльнасць швачкі і цырульніка – ствараць прыгожыя прычоскі ёй хацелася з дзяцінства. У каледжы вырашылі  заахвоціць Алёну матэрыяльна за такі непрагматычны і нематэрыяльны жыццёвы падыход… А ці падумала пра гэта ўладальніца кашалька? Зрэшты, законы бумерангу не тоесныя закону “ты – мне, я – табе”.

Усё не так проста…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ