Давайце без палітыкі?



У адным з тэматычных чатаў па праблемах людзей з інваліднасцю пачалі размаўляць пра тое, што прыйдзецца плаціць падатак за першую і адзіную кватэру… У прыватнасці, праект закону пра “Унясенне зменаў у некаторыя законы РБ” з’явіўся на афіцыйным сайце Міністэрства фінансаў (https://realt.onliner.by/2021/09/29/belorusy-budut-platit-nalog-na-nedvizhimost-s-pervoj-kvartiry-obnarodovan-proekt-zakona ).

Што мы маем? Дакладней, можам мець? Раней за адзіную кватэру ва ўласнасці можна было не плаціць падатак, а цяпер прыйдзецца. Льгота на першую кватэру адмяняецца? Хутчэй за ўсё – так, бо калі можна дзесьці знайсці грошы, то дзяржава іх знойдзе: у бюджэце сёння зашмат дзюрак. Хтосьці і тут будзе мець ільготу (інваліды 1 і 2 груп), а хтосьці – не (сем’і, дзе гадуюцца дзеці з інваліднасцю). Усё гэта – чарговая праблема для многіх сямей, якая не можа не абмяркоўвацца. І гэта нармальна! Але тут з’яўляецца адна кабета і пачынае з важным выглядам прыпыняць спрэчкі ў чаце па прычыне іх “палітызаванасці”. Хтосьці ставіць ёй лайкі падтрымкі (нямнога), але большасць выступае рэзка супраць, бо гэта наша жыццё, а палітыка – адна з яго частак. Адсутнасць безбар’ернасці ў навучальных установах – гэта палітыка? Адсутнасць тэрапіі для многіх хворых – палітыка? Мыта на інвалідную каляску, якую ты вязеш з-за мяжы (патрэбнай тэхнікі няма ў Беларусі!) – палітыка? Так, і гэта нармалёва. Нармалёва спрабаваць нешта вырашыць, змяніць да лепшага.

Зірнем  на ўсход. Жыхарка Масквы са СМА Марына Лісавая выйшла да мэрыі (https://takiedela.ru/news/2021/09/30/akciya-sma/ ). Ці можна гэта назваць пікетам? Напэўна, так. Адзіночны пікет. Марына і яшчэ пару пустых інвалідных вазкоў з партрэтамі тых пацыентаў, якія не дачакаліся жыццёва неабходнай тэрапіі: бюджэту мегаполіса не хапае на гэта грошай. Грошы патрэбны на іншыя праекты. Пачакаем? Памаўчым? Пацерпім? Такі пікет безнадзейнасці – палітыка?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ