Дэпутаты-вазочнікі
Парламенцкія выбары ў Беларусі не даюць вялікіх шанцаў на перамены, але ж надзея хоць штосьці змяніць да лепшага яшчэ застаецца… Так, у дробязях. У прыватнасці, паразважаць пра некаторыя рэчы заўжды можна – чаму не?
Возьмем такую “дробязь”, як праблемы вазочнікаў. Не так і шмат іх у Беларусі ў параўнанні з сябрамі БРСМ ці спартоўцамі, напрыклад, але ж маюць надзею заявіць пра сябе. Вось і старшыня Рэспубліканскай аасацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў Яўген Шаўко вырашыў падацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. Адзін на паўтысячы патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. Ягоная ініцыятыўная група збірае подпісы за вылучэнне спадара Шаўко кандыдатам у дэпутаты па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95 горада-героя Менска.
Любы вазочнік перад выхадам з дому двойчы падумае, як трапіць на пэўную сустрэчу/імпрэзу ў пэўнае памяшканне. У тым выпадку, калі со свайго дома выбіраецца без праблем… Бо ў адваротным выпадку – чатыры разы падумае! Не стала выключэннем і гісторыя спадара Шаўко з паходам у дэпутаты. Старшыня праўлення Беларускага таварыства інвалідаў Уладзімер Патапенка звярнуўся ў Цэнтравыбаркам, палічыўшы, што Яўген Шаўко знаходзіцца ў няроўных умовах у параўнанні з іншымі прэтэндэнтамі. Па прычыне “бар’ернасці” памяшкання, дзе павінны адбывацца сустрэчы з патэнцыйнымі выбарцамамі. Ці была задаволена такая скарга? Не.
Ці будзе магчымасць у дэпутата-вазочніка нармалёва працаваць? Безбар’ернасць Дома урада пад пытаннем, але гэта той выпадак, калі можна рызыкнуць і завітаць на вазку ў “неправеранае” месца. З некаторых крыніцаў стала вядома: у Авальнай зале Дома ўраду маецца цэлых два месцы, абсталяваных для працы дэпутата-вазочніка. І нават ёсць адмысловы мікрафон, да якога можна пад’ехаць! Вазочніку варта ісці ў дэпутаты. Што гэта можа вырашыць, акрамя парачкі новых пандусаў, – пытанне іншае.