Дуб дубам… Які вам яшчэ калядны цуд?
Ва ўніверсітэце Ганконга ў сераду вечарам дэмантавалі помнік загінулым на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне (https://www.bbc.com/russian/news-59769746 ).
Манумент “Слуп ганьбы” – гара чалавечых целаў – сімвалізаваў загінулых падчас пратэстаў супраць кітайскіх уладаў людзей, саму памяць пра іх, забароненую ва ўсім мацерыковым Кітаі. Ганконг да нядаўняга часу быў выключэннем з правілаў. Пекін усё мацней і мацней націскае, прымушае былую прагрэсіўную калонію падпарадкоўвацца генеральнай лініі партыі (https://www.bbc.com/russian/news-59547843 ). Былі пратэсты і рэпарцёры, а ў выніку васьмімятровы манумент аднойчы ўвечары проста прыбралі. Такая логіка развіцця падзей.
Навіна пра тое, што бабулі ў вёсцы Ахоў Пінскага раёна сталі на абарону векавых дубоў, ускалыхнула інтэрнэт. Потым да бабуляў прыехаў АМАП. Затрымалі дырэктара мясцовага Дома культуры, які падтрымаў ідэю некаторых мясцовых жыхароў дубы пакінуць і звязаўся з навукоўцамі з Акадэміі навук. Дубы спілавалі, ніхто не стаў чакаць перыяду вегетацыі, вясны і прыезду сталічных біёлагаў ды батанікаў.
Разумныя надта сталі. Усё прайшло як мае быць – дрэвы пайшлі таму, каму трэба (на дровы або на дошкі – гэта ўжо нюансы!) Хтосьці з вяскоўцаў рады, а хтосьці ціха бурчыць па кухнях. Бабулі паплачуць, памоляцца ды пойдуць пад тыя самыя дубы… Хоць іх ужо няма. 300 год стаялі, а цяпер няма. Затое помнікі цэлыя. Пытанне толькі – навошта могілкі разрастаюцца ва ўсе бакі? Чаму нельга спланаваць мінімальна архітэктуру вясковых могілак? Ды зашмат будзе работы сельсавету. Занадта ўсе разумныя сталі. Захацелі нейкіх калядных цудаў.
Не будзе тут цудаў – вось такая неспадзяванка.