Дысбаланс у беларускім стылі
Беларуская спёка б’е тэмпературныя рэкорды! Дыхаць цяжка – працаваць яшчэ цяжэй!
І ўвогуле, чалавек – такая істота, якой цяжка дагадзіць: халады – дрэнна, гарачыя дзянькі – дрэнна таксама! У свеце няма балансу, і няма яго ў нас саміх…
Чым вызначыўся прамінулы тыдзень у Беларусі, акрамя анамальнай гарачыні?
Пры пасрэдніцтве Аляксандра Лукашэнкі распачаліся перамовы па Украіне ў Менску… Без рэзка акрэсленых мэтаў і паўнамоцтваў, але… Перамовы – гэта заўжды шанец на паразуменне. Пажадана пры гэтым трымаць інфармацыйны баланс і мець інфармацыю з абодвух бакоў барыкадаў … Мы спрабуем з усімі сябраваць і дэкларуем мір паміж народамі ды краінамі. Пры гэтым украінскія тэлеканалы знікаюць з беларускай інфармацыйнай прасторы – расейскія застаюцца. “Інтэр +” у Віцебску – апошні такі прыклад.
Няма балансу і з нацыяналістамі – сваімі ды чужымі. Спачатку ветлівыя хлопчыкі даволі спакойна – не без нецэнзурнай запазычанай лексікі для большай “мілагучнасці” беларускай мовы! – спынілі іншага хлопчыка ды сцерлі подпіс “Я русский!” на яго кашулі. Потым ужо зусім не ветлівыя мардавароцікі – сямёра на аднаго па сцвярджэнні пацярпелага! – накідваюцца на хлопца з Пагоняй на цішотцы.
Гісторыя адбылася ў электрычцы „Менск-Маладзечна” суботняй раніцай. Пацярпелы – актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Арцём Чарняк… Так і хочацца запытаць… Калі простых хлопцаў з “Пагоняй” (без заангажаванасці ў палітыку!) стане больш – ці стане менш тых, хто іх збівае? У Гомелі на вуліцы Юбілейнай быў затрыманы актывіст «Маладога Фронту», адзін з рэгіянальных лідараў моладзевай арганізацыі – Станіслаў Булла. Да хлопца нечакана падышлі супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі прайсці з імі да аўто. Пасля праверкі пашпарту міліцыянты ўручылі актывісту позву ў ваенкамат пад роспіс. Трохі раней Станіслава адлічылі з мясцовага ўніверсітэту… “Лёс” проста накіроўвае хлопца ў беларускае войска!
Яшчэ адзін беларускі хлопец сёлета з чырвоным дыпломам скончыў Гарадзенскую музычную вучэльню. Вучыўся на бюджэтным аддзяленні, але замест размеркавання быў вымушаны – вымушаны пад ціскам кіраўніцтва вучэльні! – атрымаць свабодны дыплом. Дзіўна? Зусім не! Інвалід па зроку Валянцін Станкевіч не патрэбен у родным горадзе ў якасці спецыяліста менавіта з-за сваіх праблем са здароўем. Затое паступіў у Расейскую акадэмію мастацтваў – там ён патрэбен! А мы застаемся краінай-донарам. І хто вінаваты ў такім дысбалансе сіл на розных узроўнях?