Дзэн дурня



Беларусы – нацыя партызанская, але нельга сказаць, што мы сталі зусім абыякавымі і вырашылі, што хата наша з краю… Не, не зусім праўда. Беларусы ведаюць, што такое салідарнасць, і перыядычна бяруцца ратаваць кагосьці талакой: то палітычных зняволеных, то людзей з інваліднасцю, то дрэвы, то кнігі, то бадзяжных жывёлаў…

Цяпер спрабуем талакой ратаваць нашых медыкаў і пералічваем грошы на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя… Што рабіць? Трэба, значыць, трэба. Тым часам Беларусі змагацца з каронавірусам фінансава дапамагаюць і Штаты, і Еўропа… Гэта добра, але дзяржава не адразу прызнала, што праблема ўвогуле існуе. Нарэшце зразумелі ўзровень магчымай катастрофы, але замест змагання з ёй адзіным фронтам пры наяўнай дапамозе саюзнікаў, мы агаляем тылы. Па той простай прычыне, што ніяк не можам адысці ад той вайны, што даўно прамінула. Тут іншая зайшла ў хату, а мы ўсё яшчэ змагаемся ў 1941-45 гадах. Традыцыйна забываючыся пра “нязначны” адрэзак з 1939 па 1941 гады. Ок, размова пра парад і рэпетыцыі параду.

Па-першае, інфекцыі памнажаем, таварышы. Па-другое, задзейнічаем фінансы, якія патрэбныя для іншых мэтаў… Па-трэцяе, збіраемся таварышаў з Кітаю запрашаць… Дзіўнае кола сансары ў дадзеным выпадку. Падумалі беларусы і запусцілі ў сеціва петыцыю пра забарону рэпетыцый параду і непасрэдна параду ў сталіцы 9 траўня. Аператыўна сабралі больш 7 000 подпісаў і адправілі ў вышэйстаячыя інстанцыі. Там ужо спужаліся і ўсё адмянілі. Жарт.

Што будзе далей – пытанне. Вядома дакладна – смех дадае здароўя, а ваш асабісты няўдзел у масавых мерапрыемствах падчас сусветнай пандэміі каронавірусу – гэта разумны крок да здароўя вашага і вашых родных, калегаў, знаёмых… Не пераўтварайце сваё жыццё ў суцэльны Дзень дурня – хопіць для гэтай дурной справы іншых жадаючых.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ