Дзень сурка



ЗША, Пенсільванія… Сурок Філ прадказаў раннюю вясну – ура! Бо адсутнасць халадоў прымушае чакаць іх калі не ў лютым, то ў сакавіку ці красавіку – расслабіцца немагчыма! Унутраны беларускі партызан прачынаецца і прымушае асцерагацца і настройвацца на будучыя – цалкам магчымыя! – непрыемнасці… Звычка, спадарства, звычка! Або менталітэт? Чакай горшага і спадзявайся, што здарыцца лепшае.

Зрэшты, не ўсім шанцуе. Вось вам гісторыя пра жанчыну-маці і дзяржаўныя спробы палепшыць дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі… Зацемкі на палях… Белстат паведамляе: каля 36% беларусак фертыльнага ўзросту хацелі б нарадзіць яшчэ, а 50% не жадаюць больш мець дзяцей. Дзяржава з аднаго боку жаданне нараджаць і гадаваць дзяцей падтрымлівае (на словах і на справе), а з іншага… Падчас здараюцца непрыгожыя гісторыі. Дэкларацыі пра павагу да жанчыны-маці – гэта адно, але на справе гісторыя можа быць не такой прыгожай… Па-першае, “дэкрэт” не ўваходзіць у працоўны стаж. Мінус тры гады, шэсць, дзевяць… Хто на колькі адважыцца, як у каго атрымаецца… Спалучаць прафесійную рэалізацыю і гадаванне дзяцей – справа няпростая.

Адна сталічная жыхарка выхоўвае двух дзяцей самастойна і судзіцца не з былым мужам, як гэта часта здараецца, не… З органамі сацыяльнай абароны! Справа ў тым, што маладая жанчына вывезла на аздараўленне да прабабулі ў Малдову дзяцей. Паехала з імі сама. На паўгады… Чаму не? Там мягчэйшыя ўмовы надвор’я для хваравітай малодшай дачушкі… Нельга сказаць, што з’язджаючы на пэўны час з Беларусі дзеці перастаюць есці і мець патрэбу ў вопратцы, гульнях ды іншых рэчах, праўда? Але па законе выплата дапамогі на дзіця пры выездзе за мяжу на тэрмін, большы за два месяцы, прыпыняецца. Да таго ж варта папярэдзіць адпаведыя органы пра адсутнасць разам з дзецьмі на тэрыторыі РБ. У адвыротным выпадку будзеце аддаваць атрыманае з працэнтамі.   

Усе нашы праблемы і навіны па шчырасці нагадваюць адзін бясконцы дзень сурка… Незалежна ад таго, як прачнуўся славуты Філ! 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ