Дзеці і кнігі
Вясна заўжды радуе, нават калі не апраўдвае нашых чаканняў… Жыццё працягваецца.
Чарговыя вясновыя вакацыі пасля няпростай трэцяй чвэрці нагадваюць, што дзеці і кнігі – самая важнае ў жыцці… А калі вашы дзеці любяць чытаць кнігі, то ў святле апошніх падзей і моцнага ўплыву гаджэатаў на малых і сталых, маем падвойны антыдэпрэсант.
У выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла новая кніга пісьменніцы Тамары Бунта – аповесць-казка для дзяцей «Сад з матылькамі». Апошнім часам сталі часцей з’яўляцца творы з нефарматнымі героямі. Вось і кніга спадарыні Тамары распавядае пра жыццё дзяўчынкі Дашы, якая карыстаецца інвалідным вазком. Жыццё і прыгоды малой дзяўчынкі паказаны на фоне дыхтоўнага дома і прыгожага саду.
У дзяўчынкі ёсць незвычайнае хобі – матылі, усё, што звязана з гэтымі прыгожымі істотамі, жыццё якіх пралятае з імгненнай хуткасцю… Жыццё малога чалавека бывае безабаронным, як і жыццё сябра-матылька. Гераіня кнігі разам з бацькамі трапляе ў сур’ёзную аварыю. Бацькі гінуць, а дзяўчынка атрымлівае траўму і вымушаная перамяшчацца ў прасторы з дапамогай інваліднага вазка, але радуецца кожнаму свайму новаму дню дзякуючы няўрымсліваму характару і бабулі з дзядулем, якія гадуюць і падтрымліваюць любімую унучку. Асобная тэма – паход у школу, пошукі сяброў і спробы інклюзіі. Спачатку – няўдалыя. Здорава, што мы пачалі размаўляць пра такія рэчы і з дзецьмі, і з дарослымі. Важны штрых да зместу кнігі – цудоўныя малюнкі мастачкі Аксаны Аракчэевай.
У адным са сваіх інтэрв’ю пісьменніца Тамара Бунта распавяла, што моцна здзівілася ў Парыжы, убачыўшы шмат вазочнікаў на Эйфелевай вежы… А на вуліцах нашых гарадоў па-ранейшаму зашмат прыступак і замала зручных пандусаў. Дзеці на інвалідных вазках не могуць вучыцца ў звычайнай школе, а дарослыя не ўмеюць бачыць і прымаць іншых. І з чагосьці варта пачынаць, каб зрабіць грамадства больш талерантным… Хіба з дзіцячай літаратуры? З дзяцей, якія шырока расплюшчанымі вачамі глядзяць на свет і становяцца пазней дарослымі літаратарамі, журналістамі, палітыкамі?