Дзіўны гэты свет…
Вялікі свет стаў глабальнай вёскай. Дзесьці непрадказальна разбіваюцца самалёты. Сіноптыкі іншай краіны прагназуюць вясновы “снегадождж”. Брытанская каралева размяшчае першы фотаздымак у інстаграме… А хтосьці і надалей спрабуе “зарэжыміць” інтэрнэт і трымаць пад кантролем тое, што мы чуем, бачым, чытаем…
Не, усё гэта даўно адсочваецца, безумоўна, але яшчэ застаецца пэўны момант імправізацыі. Такі сабе выхад эмоцый, змяшаны са смайламі і эмодзі… І што маем? Маем, што маем.
Паразважаем пра суседзяў, ад якіх мы моцна залежам, хоць прыклад браць варта з іншых дзяржаваў, а не з тых, хто злоўжывае дрэннымі звычкамі.
Прыміце як факт: Дзяржаўная дума РФ у трэцім чытанні прыняла закон пра пакаранне за непавагу да ўладаў. За праявы (матэрыялы, выказванні і г. д.) той самай непавагі да ўладаў, выказаныя ў сеціве. Прыехалі. Стаім, думаем… Посты ў сацыяльных сетках будуць лічыцца хуліганствам. Першая такая публікацыя – і маеце штраф у памеры ад 400 да 1350 еўра. Паўторная – ад 1350 да 2700 еўра або 15 сутак арышту. Трэцяя і далей – ад 2700 еўра да 4000 еўра або арышт. Па-багатаму! Крытыкаваць улады робіцца дорага нават для больш заможнай краіны… А там даўно фінансавы крызіс.
Выказваць пратэст робіцца больш выгадна не ў сеціве, а на свежым паветры! Пра гэта падумалі каля 15 тысячаў чалавек, якія выйшлі на мітынг у Маскве. 10 сакавіка, праспект Сахарава, мітынг за свабоду інтэрнэта, арганізаваны Лібертарыянскай партыяй. Простая арыфметыка і чалавечы фактар. Людзі, якіх можна паважаць. 15 тысячаў або больш? Не прынцыпова. 28 затрыманых. 10 іншых гарадоў РФ, дзе прайшлі падобныя мітынгі. Паветраныя шарыкі ў руках людзей, якія праваахоўнікі назвалі… “беспілотнымі лятаючымі сродкамі”. Заслона. Жалезная? Пытанне, з якога боку будзем мы, спадарства.
Да болю знаёмая сітуацыя. Маштаб іншы.