Дзіўныя пытанні



Праляцела палова верасня, і ўсе ўжо зразумелі: восень такі прыйшла і вырашыла застацца… Пытанні застаюцца таксама. Што ж гэта за анамалія была такая цеплавая – рэшта надзвычай цёплага і доўгага лета або непасрэдна бабіна лета? Да добрага хутка прызвычайваешся – зусім ужо не хочацца халадоў.

Жыццё ўвогуле няпростае і час ад часу падкідае нам дзіўныя пытанні для дыскусіі. ААН распавяла свету пра рэйтынг краінаў з самым высокім узроўнем чалавечага развіцця. На сайце арганізацыі з’явіўся даклад “Індэксы і індыкатары чалавечага развіцця”. Індэкс вылічваўся па трох паказчыках: чакаемая працягласць жыцця, сярэдняя працягласць навучання і валавы нацыянальны прыбытак.

Займальная статыстыка, але беларусы тут лідарамі не сталі. На першым месцы нарвежцы, а мы толькі на 53-м – паміж Румыніяй і Багамскімі выспамі (бадай, з кліматам ім больш пашанцавала ў плане сонца ды цеплыні?). Расея апынулася на 49-м, а Украіна – на 88-м месцы. Усё адносна, праўда? І ўсё ж хочацца лепшага! Літва на 35-м, а Польшча на 33-м месцы… Што рабіць з усім гэтым? Можна думаць пра Нігер (апошняе звяно ланцужка!), а можна пайсці іншым шляхам.

Той іншы шлях дазваляе падвысіць ваш рэйтынг па першых двух пунктах рэйтынгу наўпрост. І трэці – ускосным чынам! Нагадваем – працягласць жыцця і працягласць навучання. Навукоўцы з Ельскага ўніверсітэта (ЗША) чарговы раз даказалі вядомую рэч. Чытанне кніг – справа добрая! Гэта падвышае працягласць жыцця, бо 30 хвілін чытання на дзень дапамагаюць вам пераадольваць штодзённыя стрэсы, а значыць, і жывецца весялей! Яно і насамрэч – інсульты ды інфаркты часта стрэсамі правакуюцца. Чытаем харошыя кнігі – думаем пра добрыя рэчы, зніжаем узровень напружанасці ў арганізме. Пажылым людзям кнігі дапамагаюць не сустрэцца з Альцгеймерам (ці адтэрмінаваць яго!). Не забудзем і пра новыя веды, з кніг атрыманыя, – класіка жанру.  

Застаецца адна праблема, адно пытанне… Валавы нацыянальны прыбытак. Няўжо здаровыя і разумныя беларусы не падцягнуць ВНП? Хм, нас і цяпер такіх многа – што не так з ВНП? Жыццё перыядычна падкідае неадназначныя пытанні.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ