Дзяды…
Надышоў лістапад. Дзяды. Час падумаць пра тых, хто застаўся ў мінулым, застаўшыся ў сэрцах і памяці іншых людзей. У сэрцах свядомых беларусаў, калі таленавіты паэт… У памяці цеснага кола родных, калі просты качагар або пекар… Шанцаў выжыць у іх амаль не было, незалежна ад прафесіі, але ў тых, каго бралі ўжо пасля Другой сусветнай у Заходняй Беларусі, шанец быў большы. Да смерці Сталіна заставалася ўсё меней часу…
Зрэшты простаму хлопцу з вёскі Міхневічы на Смаргоншчыне Міколу Жабінскаму гэта не дапамагло: спачатку данос, потым турма ў Маладзечне, дзе ламалі пальцы ў дзвярах з мэтай выбіць прызнанне ў страшных злачынствах, якіх не магло быць… А потым Калыма, тыф і безыменная магіла – канава, куды выкідалі целы адпрацаваных “ворагаў народу”. Ён не вярнуўся. Праз пару гадоў вярнулася да бацькоў пасылка з сухарамі. Бацькі спадзяваліся, што прадукты і рэчы прыдаліся сыну. Не, не дайшлі.
А брат Міколы Сяргей усё жыццё адпрацаваў на гармоннай фабрыцы ў Маладзечна. Быў таленавітым музыкам і стварыў вядомы на ўвесь горад духавы аркестр. Дзед Сяргей пражыў доўгае жыццё – 91 год… І пражыў бы яшчэ больш, каб не падхапіў каронавірусную пнеўманію і не сышоў неўзабаве пасля свайго дня народзінаў 8 кастрычніка.
Памяць пра тых, хто сышоў, трымае тых, хто жывы. І вершы забітых паэтаў.
Пiшы,
пра болесцi,
жыцця пышы,
пра глум i здзек —
ярэмнае мадзенне,
пра трутны хлеб,
пра слоў каменнi…
Як брат няволiць брата,
як раб багомiць ката,
пра стогн душы
пiшы!
Не словамi,
не чорнаю слязой
чарнiльнаю,
а нервамi, крывёй,
узрыгамi душы
пiшы!..
Вацлаў Ластоўскі. Ведаў, пра што пісаў…