Дзяды нашы і бабулі
Восеньскія Дзяды – шанец згадаць пра спачылых продкаў, шанец згадаць пра дзядоў, важны дзень, які прынята праводзіць дома, за сталом, згадваючы тых, каго ўжо няма побач…
Жыццё не спыняецца, ідзе далей і гэта вялікае шчасце – мець старэйшых родзічаў сярод жывых. Падчас мы забываемся надаваць ім дастаткова ўвагі, падчас з пажылымі людзьмі бывае цяжка, але ж – жыццё не спыняецца! – ніхто не будзе вечна маладым і здаровым… А самота пажылога чалавека дае рознага тыпу махлярам не адзін шанец гэту самоту скарыстаць. Міліцыя ў Гародні папярэджвае – будзьце пільнымі! Тут з’явіліся таварышы, што “правяраюць” электраправодку ў кватэрах пажылых людзей.
Потым такія “электрыкі” настойліва прапаноўваюць пенсіянерам рамонт. Падчас пужаюць пажарамі ды іншымі надзвычайнымі здарэннямі. Бяруць аванс і знікаюць у невядомым накірунку. Кошт працы электрыкаў ды іх абсталявання значна завышаны, што і лагічна для такіх авантурыстаў. Размаўляйце са сваімі бабулямі ды дзядулямі.
Падчас гэта бывае складана, асабліва калі да звычайных узроставых зменаў дадаюцца сур’ёзныя праблемы з памяццю. Іншага выйсця ў нас няма. У Галандыі, на ўскраіне горада Вісп, стварылі адмысловую ізаляваную вёску Хогевей. Звычайную вёску. Амаль звычайную. Проста там жывуць людзі, што пакутуюць ад старэчай дэменцыі – страты памяці. Яны жывуць звычайным жыццём – дом, крама, шпацыр, сустрэчы з сябрамі ды суседзямі. Насамрэч гэта клініка, але пацыенты пра тое не здагадваюцца.
Медперсанал “маскіруецца” пад касірак ці прадаўцоў у крамах. Жыхары вёскі не маюць права яе пакінуць (і згубіцца пры тым!), але іх жыццё максімальна набліжанае да звычайнага жыцця звычайных (галандскіх) пенсіянераў. І максімальна абароненае ад махляроў, што могуць скарыстаць бездапаможны стан хворага чалавека. Гета? У нейкай ступені – так, але гэта не беларускі дом-інтэрнат. Гісторыя прымушае задумацца.
І парадавацца, калі ваша бабуля жывая, памятае пра вас і можа запрасіць на гарбату.