Дзякуй за тое, што быў, але бывай назаўжды! Вынікі году



Падводзіць вынікі году напрыканцы снежня – традыцыя. Харошая традыцыя, але вынікаў не будзе… Хіба адзін? Выжылі – і тое добра!

А будуць пазлы і шматкі жыцця, малюнкі пачуццяў. У самым пачатку 2020-га было шмат амбіцыйных планаў – падарожжы, кнігі, сустрэчы… Штосьці здарылася, але потым прыйшоў каронавірус, якога ў нас і не было бачна. Быццам. Тое, што нельга ўбачыць, пужае найбольш. Дэтэктыў пераўтвараецца ў трылер.

Усе кінуліся дапамагаць медыкам, наваліліся і зрабілі ўсё без дапамогі дзяржавы. Харошая беларуская традыцыя. Трылер паставілі на паўзу. Прыйшло лета – і завіравалі іншыя падзеі і пачуцці. Аптымізм ратуе – гэта не метафара, а навуковы факт. Хай сабе людзі ўсміхаюцца праз сілу, але яны ўсміхаюцца і запускаюць у галаве дзіўныя нейронныя працэсы. Паспрабуйце ўсміхнуцца – адразу адчуеце!

Было гарачае беларускае лета. Паўстанне духу і выбух пачуццяў? Можна сказаць прасцей… Жанчыны. Студэнты. Пенсіянеры. Журналісты. Спартоўцы. Людзі. Можна падабраць адно слова – салідарнасць. І дзесьці там, на ўзбочыне свядомасці – эколагі. Эколагі, якія нагадвалі нам пра АЭС, што паціху, пакрыху запусціцца, а мы іх не чулі. Зрэшты, у гэтай зоне рызыкоўнага земляробства ніхто не чуе голас розуму.

А потым была шэрая і халодная беларуская восень. Было зразумела, што застаецца адно – перазімаваць. Вязаць бел-чырвона-белыя шалікі. Сагравацца. Вучыць мовы. Пісаць кнігі. Гадаваць дзяцей. І памятаць пра тых, хто не мае нават такіх сціплых варыянтаў выбару. Пісаць лісты і падпісваць паштоўкі палітычным – традыцыя гэтых шыротаў, як і наяўнасць саміх палітычных вязняў.

Дзякуй за тое, што быў, і бывай назаўжды, няпросты год! Мы жывыя – асноўны вынік. Не ўсе… І гэта накладае пэўныя абавязкі. Не расслабляемся.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх. Свой дом. І саміх сябе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ