Фармулёўкі прыхаваных сэнсаў
Паланез «Развітанне з радзімай» у свой час мог стаць, але не стаў беларускім дзяржаўным гімнам… Ці стане ракетны комплекс «Паланез» надзейным шчытом айчыны, пакуль не зразумела. Пажывем – пабачым!
Тым не менш, у Беларусі паспяхова выпрабавалі новае ракетнае ўзбраенне, пра што і распавёў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на рабочай сустрэчы, дзе прысутнічалі прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў і старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр. Прадстаўнічая такая нарада… Стваральнікам беларускай ракетнай сістэмы залпавага агню «Паланэз» паабяцаны прэміі, прычым без ліміту на колькасць узнагароджаных. Маўляў, працавалі таварышы насуперак цяжкому фінансаваму становішчу, то заслужылі!
Заслужылі… Нам бы яшчэ нафту знайсці ў Беларусі – і было б самае сапраўднае беларускае шчасце. Чорнае золата! Шукаюць нафту і на Гарадзеншчыне (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна вывучана недастаткова).
БелаПАН інфармуе: на працягу бліжэйшых 10 год плануецца запаволіць тэмпы падзення здабычы нафты на тэрыторыі Беларусі. Цудоўная ў сваім гучанні фармулёўка, поўная прыхаваных сэнсаў. Запаволіць тэмпы падзення. Канцэпцыя развіцця «Беларуснафты» на 2016-2025 гады. Плануецца задзейнічаць для фінансавання такога праекта пазыкі ды ўласныя сродкі… Тым часам у Міністэрстве прыроды сцвярджаюць: пры нізкіх коштах на нафту засваенне залежаў з цяжказдабывальнымі запасамі вуглевадародаў не заўсёды мэтазгоднае. Традыцыйнымі спосабамі. Шукаем нетрадыцыйныя?
Традыцыйна працягваем наладжваць братэрскія сувязі з народамі ў перспектыўным кірунку. Распачатая праца па ўстанаўленні кантактаў паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і афрыканскімі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі. Мэтазгодна? Жыццё пакажа!