Фэйсбук як здаровая звычка



Фэйсбук – гэта тое ж самае, што моцная чорная кава. Два-тры кубачкі штодзень дапамагаюць нам стаць больш творчымі і бадзёрымі, але не больш, не больш…

Сацыяльныя сеткі на тое і сеткі, што могуць злавіць цябе і дооооўга не адпускаць. Можна іх дазаваць, быццам тую каву, – і ёсць шанец злавіць нешта нармалёвае! Усё ж стары добры фэйсбук перыядычна падкідае нейкія цікавосткі. То працу новую, то знаёмствы неардынарныя, то назіранні за старымі-новымі знаёмымі… Дык вось пра назіранні.

Гартаеш сабе стужачку фэйсбучыка ў смартфоне і перапошчваеш навіну пра тое, чый Крым… Маўляў, захаваю і прачытаю пазней, прааналізую з кампутара (ад вялікага экрана і вочы не так стамляюцца…) І пакуль дойдзеш да таго вялікага экрана, пад перапостам тваім і лайкаў назбіралася, і перапостаў, і палеміка намецілася… Чытаеш і разумееш, што навіна сама па сабе невялічкая, чытаецца хутка і перапошчваць не варта было.

Усё проста. “Белкартаграфія” выпусціла палітычную карту свету на беларускай мове. І там можна па колеру заўважыць, што Крым адносіцца да Украіны. Сенсацыя і міжнародны скандал? Зусім не. Карта традыцыйна выдаецца на роднай мове – гэта раз. Беларусь дэ-юрэ не прызнала Крым расейскай тэрыторыяй, таму пазначыць яго “расейскім” колерам было б няправільна і, наадварот, сенсацыйна. Тым часам фрэнды-ўкраінцы старанна допіс упадабалі, а расеец адзін (другі, трэці…) спрачацца вырашыў – чый, маўляў?! Крым?! Татарскі, кажу, калі глыбей у гісторыю зазірнем… Але ж гісторыя – пані суворая. Там і згубіцца можна, як у сацыяльных сетках.

Прачынаешся наступнай раніцай, заглядваеш у фэйсбук: ужо беларусы спрачаюцца паміж сабой з-за палітры новай геаграфічнай карты. Маўляў, шэрая, панылая, маглі зрабіць лепш… Усё як заўжды! Добрай раніцы, планета! Пакуль Беларусь беларуская. І карта выглядае стылёва… Харошы дызайн, хай сабе і не яркі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ