«Фруктовая» гарбата без малінавага варэння
Апошнім часам заўважаеш, што не варта спяшацца і ўлазіць у тую ці іншую спрэчку, бо праз пэўны час прадмет спрэчкі павернецца іншым бокам і будзе падсвечаны зусім у іншым святле! Даўно не было і вось, на табе – зноўку парушаюць правы беларускамоўных! У адной з айчынных кавярняў не ведаюць слова «гарбата». І насамрэч, здарылася гучная гісторыя з маладым беларускім журналістам (апусцім прозвішчы ў гэтай гісторыі!), які замаўляў гарбату, а яго не зразумелі, на беларускую мову з той дзяржаўнай, якая ў нас у прыярытэце, не перайшлі і ўвогуле пагражалі аховай з-за мовы! Пра ўсё гэта распавёў у сваім фэйсбуку той самы малады чалавек, што хацеў «фруктовай» (?) гарбаты. Пару дзён беларускі фэйсбук гучна абураўся па тэме… І, безумоўна, меў рацыю! Падвысіла градус спрэчкі заява аднаго расейскага дэпутата ў стылі «Нашых б’юць!» Нашы – гэта рускамоўныя людзі, што адвеку, збедніўшыся, сядзяць на вакзалах усяе Беларусі, прыляпіўшыся да сваіх валізак… Ці – чамаданаў У гэтым супярэчлівым моўна-кулінарна-журналісцкім «кейсе» прапусцілі адну важную дэталь – сінонімы! У беларускай мове ёсць слова «гарбата» і слова «чай». Маюцца тут валізкі і чамаданы, на якіх суседзі з РФ ніколі не сядзелі, як і кітайцы, якім у адрозненне тых самых расейцаў мы ўезд з-за страшнага новага грыпусу не забаранілі… Праўда, анкеты на мяжы запоўніць прымушаем на рускай і ангельскай мовах, а калі не ведаюць на добрым узроўні – калі ласка, на родненькай кітайскай! Спецыялістаў па кітайскай у нас хапае… Вось такая мы добразычлівая дзяржава – можам сабой ганарыцца і рыхтавацца да Дня роднай мовы! З роднай мовай праблемаў у нас хапае незалежна ад таго, хто ж замовіў тую славутую «фруктовую» гарбату – армянін, расеец ці беларус… Што, зрэшты, не адмяняе праблему фактчэкінгу ў беларускай журналістыцы: давярай, але правярай!