“Гарадскія”



Гісторыя мясцовай школы з вёскі Амелянец Камянецкага раёна прагучала на ўсю Беларусь дзякуючы неабыякаваму настаўніку фізкультуры. Згадаем яшчэ дзяцей і бацькоў, якіх таксама турбуе лёс роднай школы і тое, што па навуку прыдзецца ехаць аж за 18 км!

Вы ўстаньце раненька ды паспрабуйце сабрацца хуценька… Адна справа – пяць хвілін бегчы і да званка паспець … Зусім іншая гісторыя – устаць яшчэ раней ды трэсціся ў школьным аўтобусе ў чужую вёску… А першакласнікі? Іх забіраць раней трэба…

Сярэдняя школа ў Амелянцы — адзіная беларускамоўная на ўвесь раён. Рарытэт. Тут вучыцца пачалі яшчэ ў 19 ст. І каго гэта турбуе? Каго цікавіць жыццё ў вёсцы, дзеці, настаўнікі? Можа, раённага чыноўніка, якому прасцей школу зачыніць назаўжды? Непатрэбны нам ні школы вясковыя, ні мова родная… Навошта? Ды і вадаправоду няма тут, каналізацыі, прыбіральня на вуліцы. Здзівілі! Ці ж гэта праблема – зрабіць выгоды элементарныя ў 21 стагоддзі? З іншага боку, калі ў нашых прабабуляў такіх выгодаў не было, то ад наяўнасці школы ў вёсцы яны не адмаўляліся. Слабаватая “адмазка”, выбачайце за не зусім цэнзурную лексіку!

Петыцыю пра захаванне адзінай беларускамоўнай сярэдняй школы Камянецкага раёна падпісалі 2623 чалавекі па стане на вечар 23 студзеня… Не толькі мясцовыя. Можаце лічыць, што, падпісаўшы гэту петыцыю, падпісаліся і за захаванне школы ў сваёй роднай вёсцы, а заадно – амбулаторыі, пошты, Дома культуры, аптэкі, касы, крамаў… З райвыканкама прыйшоў адказ на зварот – дорага навучальную ўстанову ўтрымліваць, шаноўныя! А потым трохі падумалі і вырашылі ў 2020 каляндарным годзе пакінуць.

Што будзе далей? Ці хопіць моцы ў настаўніка фізкультуры вытрымаць праверкі і прыдзіркі? Пабачым, пачуем… Жыццё ў вёсцы няпростае, але і тут людзі жывуць. І заслугоўваюць увагі ды павагі. Калі ж з’явіцца тут неабыякавы чалавек, які балючыя пытанні ўзнімае, то хіба дапамажыце, спадары чыноўнікі… А то вы ўсё крыўдзіцеся ды ў амбіцыі кідаецеся.  Ці варта? Ці ўсе вы такія ўжо гарадскія?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ