Гісторыя, даты, жыццё



Дзіўная рэч – гісторыя. Далёкая і блізкая адначасова.  

100 гадоў таму, 11 лістапада 1918-га, было падпісанае Камп’енскае замірэнне, што ў рэшце рэшт і пазначыла заканчэнне, фінал Першай сусветнай вайны. Смаргоншчына напоўніцу адчула тыя падзеі на сабе: горад быў зруйнаваны, хтосьці загінуў, хтосьці быў паранены, а хтосьці разам з сям’ёй з’ехаў у бежанства. Дарэчы, бежанства Першай сусветнай – тэма цікавая і неадназначная. З тэрыторыі цяперашняй Беларусі было эвакуіравана блізу 2 мільёнаў жыхароў, і толькі палова з іх потым вярнуліся дадому, у родны край.

Зберагчы мірных жыхароў ад жахаў вайны – гэта правільна. Асабліва ведаючы досвед Другой сусветнай, калі савецкія ўлады збеглі і кінулі “паддоследных і падначаленых” фашыстам. Потым ставіліся да жыхароў акупаваных тэрыторый, як да здраднікаў ды асобаў ненадзейных. З іншага боку, бежанства Першай сусветнай не заўжды было добраахвотным: жыхарам Смаргоні загадалі выехаць тэрмінова і далі на зборы 3 гадзіны. Царскія ўлады мелі свае мэты і планы ў дачыненні да жыхароў заходніх губерній: працоўную сілу было выгадна зберагчы і перакінуць у тыл.

Тэорыя і практыка – розныя рэчы… Бежанства можна прасачыць і адчуць на прыкладзе сваёй сям’і. Дзве суседнія вёскі ў Смаргонскім раёне. Дзве сям’і ў часы Першай сусветнай. Адна едзе ў Сібір. Другая – ва Украіну. Частка першай сям’і так і застаецца недзе там, у далёкім Канску… Праўда, сувязі падтрымліваюць! Іншыя вяртаюцца. Твой дзед нарадзіўся ў Херсоне і першыя пяць год пражыў там, таму ў роднай вёсцы Міхневічы – па вяртанні! –дражнілі яго дзеці мясцовыя “хахлом”. Ужо і не запытаеш, ці хацеў ён убачыць той Херсон яшчэ раз… Ці бачыў Чорнае мора ў дзяцінстве… Але больш не ездзіў, не.

Дзіўная рэч – жыццё. Далёкае і блізкае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ