Грошы пайшлі па раскошы…



Новая сістэма налічэння заробкаў засмуціла многіх бюджэтнікаў…

Людзі пачалі атрымліваць заробкі ў новым годзе і зразумелі, што іх у чарговы раз падманулі прыгожымі абяцаннямі добрага жыцця. Хтосьці прамаўчаў – хтосьці абурыўся. Прэзідэнт паабяцаў разабрацца – усё як заўжды! Цікавей іншае.

Ну, ёсць людзі, якім заўжды больш за ўсіх трэба: і свае правы абароняць, і таварышаў па вучобе, працы і жыцці… Бадай, адзіны для іх варыянт – ісці ў праваабаронцы, бо прынцыповага педагога ці медыка, рабочага ці студэнта ў нас свае ж потым зацюкаюць. І маем таму шэраг жыццёвых прыкладаў. Памятаеце гісторыю студэнткі, што зняла на відэа куратарку, якая прымушала ўсю групу прагаласаваць датэрмінова на парламенцкіх выбарах? Аднагрупнікі яе ж зрабілі вінаватай – маўляў, навошта высунулася? І насамрэч – навошта? Можна ж ціха адседзецца і патупіць у гаджэт… “Перакантуешся” вось так, адтусуюешся вясёлы студэнцкі час, а там, глядзіш, тата з мамай на працу ўладкуюць. Навошта барыкады? Ды і на працы – хай другія лаюцца з начальствам. Спакайней будзе адседзецца ціха… Глядзіш, насамрэч зверху разбяруцца і заробкі падвысяць.

Вось і ў Гомелі непрыгожая гісторыя здарылася. Трэнеры з дзіцяча-юнацкай спартовай школы абурыліся зніжэннем заробкаў. Напісалі лісты ў Адміністрацыю прэзідэнта і ў КДК. Парушэннняў на месцы не выявілі. Незадаволеным паабяцалі праблемы… Маўляў, ты ідзеш супраць калектыву… Знайшоўся такі разумны!

І трохі статыстыкі. За рысай галечы знаходзяцца больш 450 тысячаў беларусаў. Белстат. 3 квартал 2019 года. Мы жывем ужо ў 2020, але лягчэй не стала – грошы пайшлі па раскошы… На многія неардынарныя праекты.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ