Грошы, пенсія, гендар…
Адзін з самых любімых заняткаў у народа паспалітага – палічыць чужыя грошы. Не будзем прыпадабняцца і паразважаем пра грошы больш інтэлігентна… без канкрэтыкі.
Добра вядома, што беларускія айцішнікі зарабляюць добра! Тэма IT увогуле даволі папулярная ў нашай дзяржаве, прычым чыноўнікі тут шчыруюць не менш за простых смяротных… Такім чынам, IT. У Беларусі расце разрыў у аплаце працы мужчын і жанчын. Усюдыісны гендар! І калі ў 2005 годзе розніца была ў 20,9%, то летась — ужо 27,3%. І найбольш такі фінансавы гендарны дысбаланс зачапіў менавіта IT. Самы вялікі разрыў у аплаце працы за 2018-ты наазіраўся менавіта тут — 40%. Самы нізкі — у галіне транспарту і лагістыкі (6%). Інфармацыя прыйшла з цэнтра эканамічных даследванняў BEROC.
І нават айцішнікі сыходзяць на пенсію. Зірнем на пенсіі. У жніўні сярэдняя беларуская пенсія па ўзросце склала 446,8 беларускія рублі. Прытым паводле Белстату па стане на верасень сярэдняя пенсія ў мужчын склала 465,56 рублі, а ў жанчын – 439,66 рублі. Ізноў гендэрны дысбаланс! Пакуль працуеш, міжволі глядзіш па баках – дзе ж яно лепш? Не заўжды чаканні працадаўцаў і тых, хто шукае працу, супадаюць. Маем дэфіцыт пэўных прафесій. У Беларусі ў цэлым не хапае муляраў, машыністаў кацельнай, сваршчыкаў, слесараў і… грыбаводаў! Апошняя вакансія вымагае “хуткіх і пяшчотных жаночых рук”. Грыбавод па вырошчванні грыбоў на прадпрыемстве – прафесія запатрабаваная ў Гарадзенскай і Берасцейсай абласцях. Заробак – 600 рублёў з перспектывай павелічэння.
Хтосьці назбіраў грыбоў натуральным чынам у лесе і вырашыў іх прадаць? Тут будзе іншая гісторыя. Як і з бабулямі, што нелегальна гандлююць кропам… У сталіцы стварылі працоўную групу па барацьбе з нелегальным гандлем. Усё сур’ёзна.
Вось так і жывем. Спрабуем зарабіць… А потым усіх чакае пенсія. З гендарным перакосам.