Гвалт



Ох, справы сямейныя і справы грамадскія вельмі цесна падчас пераплятаюцца! Паразважаем. У кожнай сям’і ёсць свае “займальныя” гісторыі.  

Адзін стрыечны дзядуля з добрым пачуццём гумару ўпэўнена сцвярджае, што разыходзіцца страшна першы раз. Жыццё, яно такое… Шматфарбнае. Цікавае. Доўгае і кароткае адначасова, занадта доўгае і занадта кароткае, каб псаваць свае дні зносінамі з “не сваімі”, чужымі па духу людзьмі. Камусьці трэба ажаніцца/выйсці замуж разы тры/чатыры, каб свайго чалавека знайсці! Не ў гэтым трагедыя. Жыццё цудоўнае нават у тым выпадку, калі ты адзін… Зрэшты, разгледзім яшчэ адну сітуацыю, калі ты не адзін.

Жанчына церпіць і трывае хамства, пабоі. Чаму жанчына? Бо яна слабейшая. Бо мужчын у нас малавата нават у працэнтных адносінах. Сумны статыстычны зрэз. Войны і рэпрэсіі дарма не прайшлі. Дэфіцыт моцных, разумных і добрых. Рарытэтнае спалучэнне. І вось жанчына жыве, церпіць, трывае то адно, то іншае… Што яна чуе? Ты ніхто і зваць цябе ніяк. Табе няма дзе і няма за што будзе жыць. І ўвогуле, ты мяне сама справакавала. Ты мяне пастаянна правакуеш. Ты, ты адна ва ўсім вінаватая… Ок… А потым  – у адзін не вельмі харошы дзень! – наш адзіны і непаўторны муж, пабіўшы сваю жонку, адчуў у сабе дадатковую энергію для барацьбы. І паламаў рукі/ногі родным дзецям.

Вось тут наша сярэднестатыстычная беларуская кабета ідзе падаваць на развод. І чуе шмат парадаў ад родных, знаёмых, суседзяў: “Адумайся! Дурная! Куды ж ты адна?!” А наша сярэднестатыстычная жанчына і так адна. І цягне дзяцей, працуючы на дзве стаўкі ў шпіталі, школе, на заводзе… У калгасе. Тут шмат варыянтаў. Вы іх усе ведаеце, праўда? Але разыходзіцца страшна толькі першы раз. Жыццё – яно такое! Цудоўнае дзе-нідзе месцамі, дзе моль не пад’ела, як кажа мая цудоўная сяброўка-медык.

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ