Кава ці цыгарэты?



Беларуская зіма без сонца – тое яшчэ выпрабаванне для псіхікі!

У такія снежна-марозна-пахмурныя дні прыгадваеш Ісландыю, параўноўваеш і разумееш, што ім яшчэ цяжэй. І ўсё ж трымаюцца, змагаюцца і маюць свае цікавыя фішачкі… У прыватнасці, ісландцы маюць незвычайнае свята – Дзень Сонечнай кавы. Гісторыя простая: увесь зімовы перыяд у Ісландыі – амаль поўная цемра па прычыне блізкасці да палярнага круга ды гарыстага рэльефу, таму жыхары гэтай краіны радуюцца першым праменьчыкам свяціла яшчэ больш за беларусаў. І падымаюць угору кубачкі з кавай… У прыватнасці, пачынаюць з кавы, а далей ужо як пойдзе.

Кава ў Ісландыю прыйшла толькі ў 1772 годзе – дата супадае з першым падзелам Рэчы Паспалітай. Можам ганарыцца: нашы продкі даўно пілі гарачы напой (то бок шляхта і магнаты!), а ісландцы толькі распачалі з ім знаёміцца. Затое моцна “падселі”: толькі табака і спірт карысталіся такім самым попытам незалежна ад магчымасць мець самае неабходнае. Кава стала аддушынай для халоднага і галоднага ісландскага селяніна – той мінімальнай раскошай, якую просты працаўнік мог сабе дазволіць.

Разам з Днём Сонечнай кавы каляндар нагадвае нам пра Дзень беларускай навукі і Дзень без інтэрнэту. Невядома, што зладзіць прасцей – дзень без падвісання ў сусветным павуцінні або дзень без іншых не вельмі здаровых звычак… Па апошніх навуковых дадзеных каву піць зрабілася хутчэй карысна, чымсьці шкодна, а вось тытунь – тут на сёння ўсё проста і зразумела. Звычка шкодная і даволі дарагая. Літаральна 24 студзеня кіраўнік нашай дзяржавы падпісаў паперы, якія яшчэ мацней абмяжоўваюць правы тых, хто паліць. Цяпер катэгарычна забаронена паліць на аўтобусных прыпынках.

Так і жывем. Рухаемся ў бок кавы? Добрая кава ў нас каштуе болей за цыгарэты…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ