Казачка пра рыбку
Тое, што беларусам есці рыбу і морапрадукты неабходна (не забываемся пра айчынны ёдадэфіцыт!) – факт бясспрэчны. Медыцынскі. Іншая рэч – кошты!
Усё добрае дорага каштуе. Айчынныя ж заробкі заўжды адстаюць ад надзённых патрэбаў суайчыннікаў… Бадай, іх заўжды хопіць на тое, каб набыць ружовыя акуляры, але менталітэт чалавека шэрых шарачковых шыротаў абірае іншы стыль. Тут не да пазітыўных колераў, панове… Беларусы – людзі суворыя. Абіраем сваё – шчупака або плотку!
Тым часам лавіць шчупака ў Беларусі забаронена ад 1 сакавіка да 15 красавіка. Па Віцебскай вобласці – ад 9 сакавіка да 25 красавіка. Прычына ахоўных мераў – пачатак нерасту ў дадзенага віду. “Непаслухмяным” рыбакам прыйдзецца заплаціць 229 рублёў 50 капеек за адну вылаўленую рыбку. Да таго ж парушальніка прыцягнуць да адміністрацыйнага штрафу ад 20 да 50 базавых велічынь (ад 510 да 1275 рублёў). 12 і больш асобін шчупака – і маем ужо крымінальную адказнасць (да трох гадоў пазбаўлення волі).
Усё строга! Разам з тым некаторыя махляры ловяць у свае сеткі безабаронных наіўных людзей – і ўсё застаецца ў межах закона. І ўся адказнасць застаецца з наіўнай жанчынай, што трапіла на чарговую модную прэзентацыю. Гісторыя з серыі “Вы выйгралі прыз, але павінны ўзамен набыць нешта іншае!” здарылася ў Вілейцы. Тут адна спадарыня па тэлефоне атрымала заманлівае запрашэнне на майстар-клас па масажы… Спіна турбавала, то чаму ж не схадзіць? І трапіла яна на прэзентацыю “вібранакідак”. І выйграла коўдру ды падушкі, але забраць іх проста так было нельга. Арганізатары растлумачылі: падарункі аддадуць адно пры ўмове, што жанчына набудзе масажную накідку. Вам яна ў любым выпадку патрэбная – паперы падпішыце, калі ласка! “Аздараўленчы” трэнажор “заважыў” на чатыры тысячы чатырыста рублёў: агрэсіўны піяр спрацаваў – жанчына падпісала крэдытную дамову. Родныя былі ў шоку, спрабуюць судзіцца, але шанцаў мала.
Рабіць глупствы – дарагое задавальненне… Морапрадукты – таксама. Наш выбар – ёдаваная соль?