Казка пра страчаны час…



Пару дзён паскуднага настрою ў лістападзе – гэта нармалёва, шаноўныя! Ёсць версія, што не адчуваюць хандру такой шэрай парой толькі таўстаскурыя і абыякавыя людзі, а тое не пра нас – мы ж нацыя паэтаў, праўда, беларусы? Ды і градус абыякавасці за апошнія месяцы значна знізіўся – самі сябе ці пазнаем? Не зусім. Што ўжо казаць пра суседзяў, якія знаходзяцца ў стане лёгкага шоку ад гэтых неверагодных беларусаў.

Мы згубілі шмат часу, але летам паспрабавалі ўскочыць у апошні вагон свайго цягнічка, які не тое што ў светлую будучыню павязе, не… Цягавіты цягнічок проста паедзе кудысьці наперад і павязе разумных і энергічных пасажыраў, якія засядзеліся на старой халоднай станцыі разам з павукамі, прусакамі ды іншай жыўнасцю. Сядзець там ім дужа надакучыла, але былі вымушаныя доўга падтрымліваць гутарку з наглядчыкам, якому было вельмі сумна аднаму… Яно і вядома: пенсіянеру прыемней пагутарыць з падарожнымі, чымсьці аднаму сядзець. Гарбату са старога чайніка зноўку ж прыемней піць разам з людзьмі рознымі. Нічога, жыццё ідзе наперад.

Паспрабавалі ўскочыць у апошні вагон, але наглядчык стары на старой халоднай станцыі вырашыў тармазнуць цягнічок, бо ехаць наперад разам з усімі маладзейшымі не меў здароўя… Ды і не звалі асабліва. У выніку ўсе захраслі па дарозе. Нельга сказаць, што час прайшоў дарма. Шкада людзей, згубленых па дарозе, пад коламі… Хіба шкада пенсіянера, які не разумее, што найлепшая прафілактыка Альцгеймера – праца на свежым паветры ды вывучэнне замежных моваў, але што маем, тое маем. Казку пра страчаны час?

На пытанне адкажа самы бліжэйшы час… Але эмоцыі ўжо будуць іншымі. І гэта нармальна. Час на шкадаванне сябе ды іншых сышоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ