Халоднае шампанскае гарачым летам
Горад Драгічын ёсць на Берасцейшчыне… Каля 15 тысячаў жыхароў, клімат умерана-кантынентальны. Безумоўна, Драгічын бліжэй да мора Герадотава, чымсьці Ашмяны, Смаргонь або Маладэчна, але сумуе па моры сапраўдным і салёным ён, пэўна, не меней, асабліва ў такую гарачыню! І што ж мы маем?
Маем пару новых вуліцаў у горадзе Драгічыне… І яны пакуль не маюць назвы! Сайт мясцовага райвыканкама паведамляе, што чыноўнікі вызначыліся: у Драгічыне могуць з’явіцца вуліцы Маскоўская, Пятра Баграціёна, Георгія Жукава ды Івана Айвазоўскага. Дзіўныя справы! Якое дачыненне маюць усе гэтыя з’явы і людзі да беднага горада на Палессі? Зрэшты, вуліцу Айвазоўскага можна зразумець – марскія пейзажы вядомага мастака дадаюць мора ў нашыя шэрыя гарачыя будні! То хай бы быў Айвазоўскі, а трох іншых можна было б пакінуць айчынным персонам. Меркаванні грамадзянаў прымаюцца ў пісьмовым выглядзе да 10 жніўня на адрас Драгічынскага райвыканкама. Ці будуць іншыя прапановы пра назвы? Ці будзе там што беларускае? Пытанне…
Любое імя, назва – гэта брэнд, за якім стаіць пэўная рэпутацыя, гісторыя. Вось і шампанскае ў халодным выглядзе – харошы напой гарачым летам! Ніхто не будзе спрачацца, што французскае трымае пальму першынства (пытанне кошту – справа іншая!) І ўсё ж не, спрачаюцца! Па новым расейскім заканадаўстве французскія вінаробы павінны назваць сваё шампанскае ігрыстым віном (https://www.bbc.com/russian/media-57756817 ). З 2 ліпеня толькі расейскія вытворцы маюць права называць сваю прадукцыю шампанскім, з чым катэгарычна не згодныя французскія вінаробы! Што будзе далей і як доўга пратрымаецца такая палітыка “імпартазамяшчэння” ў нашага ўсходняга суседа, пакажа час… Беларусь працягвае піць “Савецкае шампанскае”.