Хобіты



У адзін з вераснёўскіх дзянькоў (ёсць пэўныя спрэчкі пра канкрэтную дату!) ва ўсім свеце адзначаецца Дзень хобіта – згадаем класіка фэнтазі спадара Толкіна!

Беларусаў падчас называюць “хобітамі ўсходнееўрапейскага лесу” – і нешта ў гэтым ёсць… Праўда, з айчыннымі тэмпамі лесанарыхтовак мы праз пэўны час можам застацца хобітамі без лясоў (балоты ўжо ў мінулым – “дзякуй” савецкай меліярацыі!), а суседзі на ўсходзе прададуць свой лес кітайскім братам першымі, так што інтэграцыя таксама не дапаможа нам схавацца ў лясы.

Спецыяльная камісія ЮНЕСКА у свой час прызнала Косаўскі палац (або палац Пуслоўскіх)  перспектыўным міжнародным турыстычным аб’ектам і выдаткавала на падрыхоўчыя працы па яго аднаўленні грант у памеры 50 000 долараў… Калісьці тут было 132 унікальных памяшканні, шыкоўная бібліятэка, мастацкая галерэя і паркі… Няма таго, што было раней, але сама гісторыя месца ўражвае. Зрэшты, уражвае гісторыя многіх такіх знакавых мясцінаў у Беларусі. Радзівілы, Сапегі, Агінскія назапашвалі скарбы, якія потым мацнейшыя на той момант суседзі або спляжылі, або сцягнулі сабе ў нару… І дзе цяпер вядомая бібліятэка Радзівілаў?

Лёс многіх збіральнікаў і стваральнікаў на гэтай зямлі сумны – няпроста жыць побач з імперыяй… І ўсё ж ты не можаш стрымацца і міжволі назапашваеш свае кніжныя скарбы… Ці варта? У гэтым ёсць свой кайф… Безумоўна, не. Ты не ведаеш, што будзе заўтра і ў якой краіне прачнешся заўтра. Правільнае рашэнне – кнігі ў электронным фармаце і адукацыя праз усё жыццё. Тое, што за плячыма не насіць… Хобіту ўсходнееўрапейскага лесу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ