Хто вінаваты і што рабіць?



Усё індывідуальна і непаўторна ў гэтым лепшым (ці не лепшым?) з сусветаў! Вось і на спёку – першую сапраўдную за ўсё лета! – мы рэагуем па рознаму.

Хтосьці спакойна працягвае жыць ды працаваць, ловячы кайф ад падвышаных градусаў навакольнага паветра, хтосьці моўчкі пакутуе і чакае прахалоды, а хтосьці… Пачынае фантаніраваць нестандартнымі ідэямі! Яно і нічога: жыві сабе і радуйся сваім ідэям, практыкуй штодзень ці па святах, але ж не – ідэі павінны рушыць у масы! Масы павінны падхапіць ноў-хаў і ў адзіным парыве несці іх на прастор, на шырокі разлог… Карацей, жыццё бурліць у нашым балоце. Толькі вось людзей на балоце паменела – крызіс, экалогія, дэмаграфія ці іншая якая трасца… Факт застаецца фактам – мала нас і мы не ў цельняшках! Пажадана падвысіць колькасць індывідаў у папуляцыі: бульбы хопіць на ўсіх (у адваротным выпадку прадукт прападзе). Чым скончыцца гісторыя, пакажа час… Ідэю штурхаюць у масы!

Тым часам здарылася адна дзіўная (і ўжо класічная!) гісторыя ў сталіцы нашай горадзе-героі Менску. У дзяжурную частку Цэнтральнага РУУС сталіцы звярнуўся мужчына ды абвінаваціў сваю прыгожую палову ў замаху на жыццё яго і здароўе. Ахоўнікі правапарадку прыехалі на ўказаны адрас і высветлілі, што заяўнік знаходзіцца ў стане моцнага алкагольнага ап’янення. Спрэчка з жонкай на гэтай глебе і здарылася: кабета схавала бутэльку гарэлкі і не захацела аддаць па першым запатрабаванні. Мужчына адчуў “несправядлівасць” і вырашыў адпомсціць жонцы з дапамогай міліцыі.

Грамадзяне, якія ажыццявілі заведама лжывае паведамленне, прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 17.6 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь «Заведама лжывае паведамленне».

І надалей можна доўга разважаць пра злачынствы і пакаранне, пра прычыны ды наступствы, пра тое, хто вінаваты і што рабіць… Час пакажа.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ