Хварэць дорага!



Хварэць сумна, асабліва летам… Пачуўшы пра “прыгоды” знаёмага са здароўем, радуешся, што небарака – хай сабе і не адразу! – трапіў у добрыя рукі сталічных урачоў.

Хай сабе і без сталічнай прапіскі, хай сабе і праблемы са здароўем нечакана сур’ёзныя выявіліся, але чалавек ведае дыягназ, атрымлівае сур’ёзнае лячэнне, спадзяецца на лепшае. Сацыяльная дзяржава? У пэўныя моманты – так!

А тое, што ўмовы ў нашых шпіталях часта не зусім камфортныя, можна перажыць: сябры наведаюць, смакаты прынясуць – можна гарбаткі папіць з суседзямі па палаце ды навіны на мабільным ці ноўтбуку пачытаць. Маючы мабільны інтэрнэт, канечне! Бо wifi у беларускім шіталі – раскоша недазволеная. Гэта вам не Берлін і не Хельсінкі, напрыклад.

Затое ў нашых шпіталях новая фішка з’явілася… Хм… Прагматычная. Лагічна, што праз нейкі час шпітальнага побыту батарэйка ў вашым мабільным тэлефоне (або батарэя ў ноўтбуку!) стане патрабаваць падсілкавання. Хай сабе вам сняданак дужа не цікавым падаўся, але ж вы з’елі шпітальны дыетычны абед бясплатна? І нават полудзень? І вячэру? То радуйцеся, але ўсё астатняе – за дадатковыя грошы.

У прыватнасці, адзін з беларускіх сайтаў распавядае, што ў новым шпіталі горада Мёры кошт пытання – 50 капеек (прыблізна – 23 капеейкі за гадзіну падзарадкі). Захацелі гарбаты запарыць? Тыя самыя 23 капейкі. Усё законна – прэйскурант старанна распісаны. Старэйшая медсястра кантралюе працэсы і раздае пацыентам квіточкі. Запісы вядуцца і ў адпаведным журнале.

21 стагоддзе і столькі пісаніны ў IT-дзяржаве! Быццам тым старэйшым медсёстрам іншай працы няма. Варта ўжо неяк аптымізаваць працэс… Як? Бадай, прызнаць, што медыцына ў нас платная – занадта рэвалюцыйная ідэя? Пэўна, гэта працяг той гісторыі, што на макраўзроўні ўсё добра, а вось “мікра” чарговы раз адстае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ