Кліпавае мысленне і беларускі ordnung



Увесь прамінулы тыдзень прайшоў пад знакам памяці пра Васіля Быкава… Для тых, зразумела, хто не мае вялікіх праблемаў з памяццю і думае не толькі пра дзень сённяшні.

Людзей без амнезіі ў Беларусі вельмі мала, і ўсе навіны прамінулага тыдня цудоўна ілюструюць такую хваробу нашага грамадства. Пачынаем з Курапатаў – пра важнасць і своеасаблівасць месца сталінскіх расстрэлаў для беларускай гісторыі прасцей забыцца. Маўляў, гэта яшчэ адны могілкі, то паедзем і паямо побач – якія пытанні?! Беларусы ж адзначаюць Радаўніцу і могуць сабе дазволіць паесці разам з продкамі (забываемся, што традыцыя існуе далёка не паўсюль і толькі раз на год…)

Працягваем тэмай сапраўдных могілак – Вайсковых могілак у Менску. Яшчэ ў 2015 годзе тут была распачата “інвентарызацыя”. Родзічам памерлых было прапанавана “ўпарадкаваць” пахаванні – хтосьці зрабіў гэта, а хтосьці – не. Летам 2018 года прыйшлі вялікія грошы і былі распачатыя маштабныя працы па ўпарадкаванні Вайсковых могілак сталіцы па вуліцы Казлова… Працы на помніку культуры вельмі часта нагадваюць банальны знос усіх старых помнікаў і замену на новыя – аднолькавыя шэрыя квадрацікі.

Многіх гісторыкаў і краязнаўцаў такі падыход да справы абурыў, і яны распачалі супраціў. У прыватнасці, пачалі збор подпісаў пад петыцыяй у інтэрнэце. Фота, відэаздымкі, размовы з журналістамі… Мэта – захаваць Вайсковыя могілкі ў іх аўтэнтычным выглядзе як адно з нешматлікіх месцаў з гісторыяй у сучасным безаблічным Менску “Пахаванні 1930 гадоў, нават не дагледжаныя сваякамі, патрабуюць увагі і дагляду, а не знішчэння і замены аднолькавымі камянямі…” – цытата з петыцыі.

І насамрэч заслугоўваюць. Памерлыя заслугоўваюць памяці і павагі ад жывых… А жывым варта часцей згадваць пра тое, што было раней, і думаць пра будучыню – такая сабе трэніровачка шэрых мазгавых клетачак. Бо маем нейкі суцэльны знак бяды і культуру месца, схаваную пад асфальт… Затое чысценька. Ordnung.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ