Кніга пра млыны
Лета. Гарачыня. Многія беларусы сёлета, як і ў прамінулым сезоне, застануцца без мора.
У такое надвор’е зусім не хочацца ляцець у Турцыю ці Егіпет, а вось Балтыка… Прахалоднае Балтыйскае мора заўжды жыве ў галаве і сэрцы беларуса! Але ж не – эпідэмія, палітыка, блакада, фінансы! Усё гэта стрымлівае многіх аматараў ёду і прыгожых соснаў! Застаецца сядзець на беразе мора Герадотава ды настальгіраваць па былых часах… Зрэшты, застаюцца азёры ды рэкі дома. І млыны.
Вадзяныя млыны былі калісьці па ўсёй Беларусі, а млынарства лічылася пачэснай і трохі нават вядзьмарскай справай! Млыны і млынароў паспяхова знішчыла савецкая, бальшавіцкая ўлада, але штосьці яшчэ засталося. Гэта спадчына выклікае павагу і жаданне паездзіць па Беларусі – паглядзець на старыя вадзяныя млыны! Дзесьці занядбаныя, а дзесьці – адноўленыя.
У выдавецтве “Энцыклапедыкс” выйшла кніга Францішка Жылкі “Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць”. Дыхтоўны фаліянт у цвёрдай вокладцы распавядае пра 150 вадзяных млыноў і прылеглых да іх тэрыторый. У кнізе – каля 500 даўніх і сучасных фатаграфій і шыкоўная прадмова Уладзіміра Арлова (а таксама – дацэнта Аляксандра Яротава!), цікавыя тэхнічныя і гістарычычгыя дэталі.
Падаецца спіс вадзяных млыноў у дэканатах і парафіях Віленскай дыяцэзіі 1784 года і спіс вадзяных млыноў, ацэненых Губернскім Распараджальным Камітэтам на 1899 год. Фішка выдання – раздзел пра млыноўскія жарты, паданні, загадкі, прымаўкі і прыпеўкі, а таксама – млыны на палотнах беларускіх мастакоў. Усё гэта натхняе на незвычайнае падарожжа па свеце беларускіх млыноў… Пачаць можна з кнігі. І варта.