Кніга пра Залессе



У Беларусі ёсць не адна вёска Залессе, але дыпламата і авантурыста Міхала Клеафаса Агінскага ветрам пераменаў лёсу занесла ў свой час менавіта на Смаргоншчыну. Гістарычную Віленшчыну. Паміж Менскам і Вільняй роўненька, панове.

Яшчэ пытанне, дзе быў напісаны той славуты паланэз, але ўсё роўна ён ланцугамі да Залесся прыкуты… І гучыць ля сядзібы-музея ў рэжыме нон-стоп. На шчасце, Залессе нашых дзён – гэта не толькі “Развітанне з Радзімай”, натоўпы турыстаў і стандартныя вясельныя фотасэсіі! Не, гэта яшчэ і смачныя круасаны ў мясцовай кавярні… А калі сур’ёзна, то сучаснае мястэчка – гэта людзі. Розныя людзі. Шмат землякоў разляцелася па свеце… Шмат знакавых для Залесся людзей ужо сышло ў лепшы свет… Хтосьці застаўся.

І вось неабыякавыя жыхары Залесся пад уплывам самых неабыякавых і няўрымслівых набраліся імпэту, сабраліся з сіламі ды стварылі кнігу пра Залессе – свае ўспаміны пра малую радзіму. Бібліятэкары, настаўнікі, медыкі, працаўнікі сельскай гаспадаркі – людзі розных узростаў і прафесій – напісалі пра сваю сустрэчу з Залессем, пра мясцовых людзей і краявіды. Пра тое, чаму засталіся тут. Так, як змаглі. Падштурхнула ўсю шаноўную кампанію згенерыраваць тэксты і сабраць іх у кнігу кіраўніца Смаргонскага мясцовага дабрачыннага фонда “Паўночныя Афіны М. К. Агінскага” Ала Мікалаеўна Шыцікава.

Сама спадарыня Шыцікава распавяла пра чыгунку, гісторыю мясцовай чыгуначнай станцыі – тое, што разам з Агінскім з’яўляецца фішкай Залесся, нашых Паўночных Афінаў. Празентацыя праекта „Дзякую Залессю” (сама кніга яшчэ ў працэсе друку!) адбылася 19 студзеня ў музеі-сядзібе М. К. Агінскага. На Вадохрышча. Сабраліся землякі – пры свяце! – для размовы, быў прэзентаваны “сігнальны” асобнік. Чакаем кнігу… Не Агінскім адзіным жыве Залессе, але не без яго.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ