Кошт пытання… Жыццё?



Усе людзі розныя, і кожны з нас задае сабе і свету розныя пытанні, разважаючы пра адну і тую ж сітуацыю… Гэта нармалёва – задаваць пытанні. Гэта нармалёва – глядзець на праблему з розных бакоў… Жыццё такое!

І ўсё ж некаторыя людзі насамрэч здзіўляюць сваімі дзіўнымі пытаннямі. Простая гісторыя. Інтэрнэт-петыцыя з патрабаваннем новых лекаў для беларускіх сма-пацыентаў стала вельмі папулярнай і набрала ўжо 8821 подпіс (https://petitions.by/petitions/3441). Стала болей шансаў, што праблемы дадзенай катэгорыі пацыентаў разгледзіць профільнае міністэрства (яшчэ раз – уважліва!) і непасрэдна – кіраўнік нашай дзяржавы. Здаецца, у такіх пытаннях усё даволі проста: маем пацыента, маем тры лекавыя прэпараты – спрабуем зразумець, што лепш для пацыента. Асабліва калі пацыенту пару месяцаў, год, два… І без прэпарата ён памірае або пераўтвараецца ў “расліну”. Даволі хутка.

Усё проста? Аказваецца, не. І першае пытанне ад профільнага міністэрства, – грошы, дзе браць грошы? Не, спачатку ідзе адмаўленне таго, што імпартны прэпарат увогуле працуе. Мы ж настроены на айчыннае, праўда? Праз нейкі час чыноўнікі-медыкі здаюцца і скіроўваюць хворых дзяцей і дарослых да міфічных замежных фундатараў… Хм.  Потым разумеюць, што варта паразмаўляць пра гэтыя самыя замежныя лекі і… падумаць. І вось у такой сітуацыі “паўзы”, калі насамрэч варта падумаць, што лепш для беларускіх пацыентаў з няпростым дыягназам, падцягваюцца аматары паспрачацца з народу: пенсіянеры (хвалююцца, каб пенсіі ім не зменшылі?), айцішнікі (за што ў дадзенай сітуацыі хвалюецца гэты сегмент працоўнага рынку?) ды іншыя таварышы. Іх хвалюе адно пытанне – дзе наш бедны мінздаў возьме грошы на “новых” хворых? Ай-ой, грошай няма – далей гучыць гэта мантра… Вы ж разумееце: грошай (у нас) няма (на вас).

Дзіўныя пытанні – дзіўны гэты свет… Разумееш адно: усе мы – розныя. І ў Японіі паралізаваныя людзі кіруюць робатамі дыстанцыйна, а робаты-афіцыянты развозяць каву кліентам  кавярні Dawn. Цікавы прэцэдэнт, праўда? Страшна падумаць, колькі грошай “убухалі” ў праект гэтыя дзіўныя японцы. Яшчэ страшней згадаць, колькі ашчадзіў трэці рэйх на праграме ліквідацыі людзей з інваліднасцю.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ