Ковід-дэсідэнты ў некаторых СМІ?
Стужка фэйсбука – рэч вельмі карысная! Перыядычна падкідае незвычайныя гісторыі і цікавыя тэмы… І так атрымалася, што за адзін літаральна вечар ты бачыш аж два допісы ад аўтарытэтных дактароў, прысвечаныя медыцыне, а менавіта – вольнаму разуменню некаторых рэчаў у плане аховы здароўя грамадзянаў адным з беларускіх жаночых часопісаў.
Часопіс “Гаспадыня” з важным выглядам разважае пра тое, што пенсіянерам не варта праходзіць вакцынацыю ад ковід 19, спаслаўшыся на інфекцыяніста Мікіту Салаўя. Устрывожаныя пацыенты паінфармавалі паважанага доктара пра такую сітуацыю, і ён абурыўся ды расклаў па палічках няправільна пададзены матэрыял. Па вялікім рахунку, там няправільна ўсё. І старэйшыя людзі, наадварот, у прыярытэце па вакцынацыі ад каронавірусу!
Іншы паважаны доктар увогуле заўважыў: пэўныя матэрыялы ў жаночым часопісе падпісаны яго прозвішчам, хоць ён не даваў ніякіх матэрыялаў у нумар. Дзіўная справа. Доктар Ільніцкі не паленаваўся патэлефанаваць у рэдакцыю, але не пачуў уцямных прабачэнняў. Маўляў, пашкадуйце і зразумейце нас, бедных пенсіянераў, што састарэлі разам са сваім любімым часопісам… То вам на пенсію пара, спадарства? Бо ад вашага матэрылу пра вакцынацыю ад ковід 19 з’яўляецца адчуванне, што вы літаральна ашчадзіць на вакцыне жадаеце, не даючы яе пенсіянерам…
У нашых шыротах і сёння дзейнічае прынцып: няма чалавека – няма праблемы. Меней пенсіянераў – меней выплат! Але ж і падпісчыкаў меней, спадарства. Вашых адданых падпісчыкаў, аматараў пачытаць пра народную медыцыну, сад, агарод і гаспадарку. Неразумна пілаваць сук, на якім ты сядзіш… З іншага боку, многія таварышы менавіта гэтым і займаюцца апошні год.