Ларыса Геніюш



Усе гэтыя навамодныя праграмкі, якія забяспечваюць ваша права вучыцца дыстанцыйна ў эру каронавіруса або аддаць свой голас у надзейныя рукі – гэта, канечне, крута! У IT-краіне жывем, Парк высокіх тэхналогій маем, але ёсць адно “але”.

Прамінулая вясна паказала, што дыстанцыйная адукацыя была раскрытыкаваная на самым версе… А скарыстацца тэлеграмам або вайберам у дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі было проста тэхнічна немагчыма. Амаль. Многім давялося скарыстаць некаторыя „правадныя” і партызанскія тэхналогіі – не пытайцеся, ЯК. У кагосьці выпадкова атрымалася. Ваш голас улічаны.

Многія беларусы ўжо не адчуваюць сябе прасунутай меншасцю, як у 2001-м… Калі вынікі выбараў былі для многіх дэпрэсіўнай, але праўдзівай рэальнасцю. У 2020-м прапорцыі пратэсту/задаволенасці існуючым станам рэчаў зусім іншыя. І гэта факт. Для кагосьці –страшны. Для кагосьці – абнадзейваючы.

9 жніўня – Дзень народзінаў Ларысы Геніюш… Вось яна была крутая беларуска. Паэтэса. Пісьменніца. Ларыса Антонаўна рабіла сваё. Без надзеі, што сваіх будзе большасць. Беражыце сябе і сваіх блізкіх. Пішыце кнігі, праграмы, карціны… Будзьце сабой.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ