Ленін і халадзец
На першы погляд, гэта вычварэнства – зварыць халадзец у форме чалавечай галавы. Такі сабе перформанс, фішка мастацкай выставы?
Відовішча не для гідлівых паненак, асабліва згадаўшы тую рэч, што ў галаву быў утыркнуты нож. Маўляў, адрэжце кавалачак і пачастуйцеся, спадарства? Не, усё ж гэта было на мяжы фолу, але… Дэмантаваць выставу з-за аднаго экспанату?! Усё жыццё на вялікай прасторы пасля 1917 года было на мяжы фолу і вар’яцтва.
Адразу пасля 1917-га – на мяжы. У пачатку любой авантуры-віхуры – сваёй ці чужой! – спадзяешся на тое, што ўсё абыдзецца. Нешта будзе… Не атрымалася – пайшло вар’яцтва чыстай вады. Калектывізацыя, індустрыялізацыя, кулакі і ворагі народа. Ворагі былі паўсюль, а калі на дзяржаўнай мяжы з’явіліся рэальныя, а не выдуманыя, і пачалася другая сусветная вайна на прасторы СССР, то многія тут выдыхнулі з палёгкай: свет вар’яцтва з “тройкамі”, даносамі і катаваннямі, з ілжывымі матэрыяламі газеты “Правда”, страхамі… Гэты свет стаў нагадваць свет нармальных людзей, якія змагаліся з фашызмам аж з 1939. Пакуль СССР атрымліваў свае бонусы ад гэтай вайны і нішчыў сваіх “слабакоў”-інтэлігентаў, заганяючы ім пад пазногці іголкі падчас начных допытаў. Свае пакінулі ў спакоі сваіх… На нейкі час.
Шкада, што многія беларускія літаратары не дажылі да 1941-га. Цішка Гартны, напрыклад, трапіў у турму 15 лістапада 1936, а праз нейкі час – у магілёўскую вар’ятню, дзе і памёр, скончыў жыццё самагубствам, быў забіты… Дакладных звестак няма – ёсць варыяцыі на тэму. Ніводная з іх не суцяшае і не дае разуменне таго, як можна было жыць у часы СССР і заставацца нармальным чалавекам.
Халадзец у форме галавы Леніна – канешне, вар’яцтва. Як і тое, што распачаў калісьці гэты чалавек. Як і само “свята”, якое мы адзначаем 7 лістапада замест таго, каб адзначаць Дзяды. Замест роздуму – лозунгі.