„Лес рубят – щепки летят!”
Цікавую гісторыю распавяла “Рэгіянальная газета” – і яна прымушае задумацца пра простыя, але важныя рэчы, якія могуць здарыцца з кожным з нас.
У рэдакцыю газеты звярнулася чытачка і жыхарка сталіцы, якая мае хату ў вёсцы Касцюшкі, побач з Красным і час ад часу бывае тут. Дык вось жанчына непрыемна здзівілася, убачыўшы, што сталі высякаць лес за вайсковай часткай. Распавяла, што мясцовы лес чысты і прыгожы, добрае месца для адпачынку дзяцей і дарослых… Што ж здарылася? Лес за вайсковай часткай раптоўна пачалі высякаць у студзені – гэта моцна абурае мясцовых жыхароў! Уявіце, што яшчэ да Новага дома побач з вашым домам раслі вялізныя прыгожыя сосны, а цяпер – пустка… “Рэгіянальная газета” звярнулася па тлумачэнні ў мясцовы лясгас. І тут усё лагічна расклалі па палічках: лес высякаюць, бо дрэвы ў ім ужо выспелі, ім 90 год. Высекуць чатыры гектары лесу, а замест старых дрэваў пасадзяць новыя… Стандарт і план. У бліжэйшыя дзесяць год на Маладзечаншчыне будуць пілаваць спелыя лясы. Усё законна. Бюджэт зарабляе грошы.
І ўсё ж ёсць адно “але”. Чалавек. Экалогія. Свежае паветра. Шпацыры… Чаму так рэдка ў цэнры ўвагі ў Беларусі стаіць чалавек і яго інтарэсы? Чаму мы так проста ставімся да пытанняў экалогіі? То выключым атамную станцыю, то ўключым… Захацелі дрэваў спілаваць і прадаць даражэй – спілавалі! Што рабіць з усім гэтым жыхару горада і вёскі, які ні на што не ўплывае і заўжды застаецца сам на сам са сваімі праблемамі? У вёсцы людзі павінны літаральна дакопвацца да вады, бурыць дарагія свідравіны за свой кошт, бо вада сышла са студняў… Дзяржаўная субсідыя і падтрымка? Не, не чулі!
Шмат пытанняў. Балючыя пытанні заўжды без адказу.