Лета – маленькае жыццё



Лета – гэта насамрэч маленькае жыццё… І кожны працоўны выбірае самастойна – жыць сваім жыццём або паспяваць маніторыць жыццё іншых… непрацуючых элементаў.

У Беларусі ствараецца цэлая дадатковая структура па адсочванні за беспрацоўнымі грамадзянамі. Усе мы чулі, што да 1 снежня 2018 года павінна быць створана агульная база “дармаедаў”. Ствараць базу павінна Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Мабыць, дзесьці там, зверху, зразумелі, што адно міністэрства не здолее вырашыць такую маштабную задачу. Што маем? Ствараем новую электронную паслугу.

Мы ж назваліся IT-дзяржавай? Безумоўна! Вось і ствараем у 21 ст. базу “дармаедаў”. Дадзеныя пра занятае ў эканоміцы насельніцтва цяпер могуць перадавацца куды трэба ў онлайн-рэжыме. Скарыстацца паслугай змогуць як дзяржаўныя органы, так і іншыя арганізацыі, якія павінны будуць выконваць пастаўленую задачу па стварэнні ўжо названый базы “дармаедаў”. 

Паслуга будзе дасяжная з 1 верасня на адзіным партале электронных паслуг… Тым часам сярэдні заробак беларусаў зменшыўся ў параўнанні з сакавіком. FINANCE.TUT.BY паглядзелі на заробкі нашых суседзяў, параўналі – параўнанне не на нашу карысць: апярэджваем адно ўкраінцаў… Навукоўцы прапаноўваюць 15 парадаў для падвышэння працаздольнасці. Адна з іх – радавацца. Шчасце падвышае вашу працаздольнасць на 12%.

Беларусам варта радавацца і не забывацца пра пачуццё гумару. Незалежна ад таго працуюць яны, або не працуюць. Экалогія, стрэсы, чыноўніцкія ноў-хаў вымушаюць трымацца ў тонусе: сёння адно – заўтра іншае. Хочацца верыць, сусед на суседа не будзе вымушаны пісаць нататкі ў электронным выглядзе ў адпаведныя інстанцыі… Маўляў, таварыш не працуе – прыміце меры! Усё як мае быць у IT-дзяржаве.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ