Лета – маленькае жыццё!



Надвор’е за вокнамі нагадвае: радуйся таму, што маеш! Лета можа доўжыцца адзін месяц, літаральна месяц, як дзесьці на Камчатцы… І там людзі жывуць! Затое прыгожа – сопкі, гейзеры, снег у чэрвені – экзотыка!

Людзі жывуць паўсюль. І многія рэчы і з’явы – справа звычкі, напэўна… Вось інтэрнэт у Кітаі, напрыклад, кантралюецца і прасейваецца больш старанна, чымсьці ў Беларусі. У суседзяў з РФ з’явілася “ідэйка”, якая можа наблізіць іх да кітайцаў, а менавіта – татальны кантроль інтэрнэту… Чаму не? Ужо столькі ўсяго адбылося тут і “там”, што яшчэ адна навіна не здзіўляе.

Справа такая. Сенатар Андрэй Клішас і кампанія прапанавалі вызначаць карыстальнікаў электроннай пошты па нумары тэлефона. Раней у Расейскай Федэрацыі ўжо быў прыняты закон пра ідэнтыфікацыю месенджараў. Перажылі, прыцярпеліся… Цяпер яны прыйшлі па электронную пошту. Паштовыя сервісы будуць прывязаныя да тэлефонных нумароў – раз. Будуць блакаваць непажаданую інфармацыю і перадаваць уладам на працягу сутак – два.  

Уся гэтая “страва” мае не вельмі прыемны водар і пах сапсаванай рыбы, але падаецца пад класічным соўсам барацьбы з тэрарызмам. Такое адчуванне, што спецслужбы проста лянуюцца напружваць мазгі ў змаганні з сусветным злом і перакладаюць усю адказнасць на тэхнічны прагрэс і простых смяротных, якія ледзь што будуць ва ўсім вінаватыя… У той час калі насамрэч вінаватыя швэндаюцца дзесьці далёка, бо да іх апрыёры цяжка дабірацца… Шмат грошай, высілкаў, шэрага рэчыва (і высілкаў шэрага рэчыва!) А тут мы даўно назіраем дэфіцыт, шаноўныя.

Нічога, неяк трэба жыць. Суседзяў не выбіраем, але ж… Вучымся, вучымся і нават паспяхова даем майстар-класы… Зрэшты, усё вышэй прамоўленае (і непрамоўленае) можна лічыць песімізмам чалавека, што вярнуўся з адпачынку і не адпачыў. Такое жыццё.     

Беларускае Радыё РАЦЫЯ