Лета… Спёка… Фармальдэгід?



Пачалося лета, з надвор’ем пакуль шанцуе, і ёсць цудоўная магчымасць павандраваць па Беларусі. Наперадзе тры месяцы цеплыні ды сонейка…

Гіпатэтычна (надвор’е ў нас непрадказальнае!) можна парадавацца. Можна скарыстаць момант і рвануць на Смаргоншчыну, у Залессе, на радзіму Міхала Клеафаса Агінскага. Адпачыць на прыгожых берагах ракі Вілія… Хараство пейзажаў бясспрэчнае – з экалагічнасцю пытанні ўзнікаюць. І не першы раз.

Упершыню мясцовым эколагам удалося давесці справу да буйных штрафаў і суда. У Смаргонях цяпер слухаецца справа пра мяркуемы выкід у раку Вілію адыходаў вытворчасці прадпрыемства “Кранаспан”. Інвестыцыйны клімат Смаргоншычыны яно паляпшае, але з экалогіяй даўно “выплываюць” непрыемныя пытанні.

Па вясне мясцовы люд у сацыяльных сетках бурліў, абмяркоўваючы відэа, дзе быццам бы “Кранаспан” у Вілію зліваў штосьці непрыемнае на выгляд, з пахам фармальдэгіду. Зацікавілася справай і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Правялі мясцовыя эколагі свае расследаванне і выявілі, што насамрэч вясной 2016-га з “Кранаспана” мелі месца выкіды ў раку.

На дзіва, справе далі ход – падпсавалі адносіны з буйным інвестарам. Інвестар магчымых сваіх памылак не прызнае. “Кранаспан” аспрэчвае закіды эколагаў пра фармальдэгід і несанкцыянаваныя выкіды, праўда, падчас блытаецца ў паказаннях, калі меркаваць па навінах з залі суда. Менавіта тут прадпрыемства аспрэчвае штраф у памеры 103 мільёнаў беларускіх рублёў. Крызіс – ніхто не мае лішніх грошай. Да таго ж, такія выдаткі могуць стаць адно першай ластаўкай: яшчэ ў красавіку месяцы КДК крытыкаваў Гарадзенскую вобласць за “недастаткова добрую ахову навакольнага асяроддзя”. Згадвалі і замежнае прадпрыемства “Кранаспан”. За неаднаразовыя несанкцыянаваныя выкіды фармальдэгіду ў паветра ды каналізацыю.

Наперадзе лета. Хочацца верыць, яно парадуе і добрым надвор’ем, і добрымі навінамі!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ