Лета, вёска, банкамат…
Лета ў вёсцы – гэта рух! Унукі прыязджаюць да бабуляў і дзядуляў, дачнікі злятаюцца ў свае летнія рэзідэнцыі, гарадская моладзь тусуецца разам з мясцовай, вясковай… Любата!
Пытанне шопінгу ды іншых “тэхнічных” зручнасцей абвастраецца. Безумоўна, нават у самыя аддаленыя вёскі даедзе аўталаўка або адна з папулярных айчынных даставак, але ж хлебам надзённым патрэбы вёскі не вычэрпваюцца, шаноўныя! Усім вясковым жыхарам трэба аплочваць камунальныя паслугі, крэдыты ды іншыя рэчы. Пенсіянерам прасцей усё аформіць у касе, у мясцовай дзяўчыны, якая іх ведае даўно (і яе ўсе ведаюць таксама!). Яна ўсё пакажа, раскажа, дапаможа разабрацца і з картамі банкаўскімі, і з плацяжамі, і з укладамі ў цвёрдай (і не вельмі!) валюце. У касе можна зняць грошы з карты, бо не кожная крама ў аграгарадку бярэ пэўную карту… І вось касу ў старым будынку часова зачынілі на рамонт, а потым вырашылі… Хай так і будзе! Бо ёсць у нас цудоўнае слова, якое апраўдвае многія рэчы. І гэта нават не “каронавірус”, не! Рэнтабельна. Або нерэнтабельна.
У аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна ўтрымліваць аддзяленне „Беларусбанка” нерэнтабельна. І ставіць банкамат немэтазгодна. Тут у адным будынку размешчаны каса і аптэка. Аптэка доўгі час была зачынена, але ў пачатку 2020 года адчынілі – парадавалі мясцовых жыхароў. Цяпер тройчы на тыдзень дыябетыкі і гіпертонікі, а таксама ўсе іншыя зацікаўленыя спакойна могуць лекі набыць, а чаго няма – фармацэўт замовіць і прывязе наступным разам. І вось вырашылі – рамонт! Аптэку і касу зачынілі. Першая вернецца. Апошняя – не. Мясцовыя жыхары чухаюць патыліцу і думаюць, што рабіць далей. Найбольш перажываюць людзі сталага веку, якім цяжка даехаць у горад і якія з насцярогай ставяцца да электронных гаджэтаў. Нейкія пытанні дапамагае вырашаць пошта (пакуль працуе!), але ж заплаціць чарговы крэдыт ці зняць наяўныя – гэта ўжо праблема! Многія жыхары Залесся і навакольных вёсак выплочваюць крэдыты за газавае абсталяванне, і цяпер варыянт адзін – ехаць у раённы цэнтр, у Смаргонь… Так і жывем.