Лецішча
Лета прыйшло ў Беларусь! І варта падумаць пра адпачынак.
Нашаму чалавеку і ў лепшыя часы выбрацца да мора няпроста было – што ўжо казаць пра год вісакосны, 2020-ты? Каронавірус. Выбары. Эканамічныя праблемы… Эканамічныя праблемы тут нарадзіліся раней за нас, спадарства! Усё няпроста. І ёсць універсальны паратунак для беларуса: “Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут…” Усе мы амаль родам з вёскі, і ў кожнага практычна беларуса былі бабуля ды дзядуля ў вёсцы… Праўда, далёка не кожная сям’я захавала тую дзедаву ці бабіну сядзібу! Вось і рвецца душа ў вёску дзяцінства, пабачыўшы розныя там замежжы, Турцыі ды Егіпты, а вёскі той ужо няма… І на сядзібе дзедавай іншыя людзі гаспадараць – позна, не вернеш сваё! І тут пачынае заможны “сталічны” беларус шукаць СВАЮ хату ў вёсцы, каб сад быў, гарод, рэчка побач… І знаходзіць!
У Беларусі шмат прыгожых мясцінаў. Адна з іх – вёска Данюшава на самым беразе Вяллі. Данюшава згадваецца ўпершыню ў пісьмовых крыніцах у 1443 годзе, першы касцёл тут з’явіўся ў 1620 годзе, а новы, той, што і цяпер глядзіць на раку, – у 1809 годзе. Драўляны касцёл, дзе за савецкім часам гулялі ў валейбол, а цяпер ідуць службы. Усё як мае быць!
Дзе знойдзеш лепей? Ціхая вёска над ракой, мірная каталіцкая парафія, атмасфера старой заходняй Беларусі… Завітваеш сюды выпадкова і бачыш машыны з менскімі нумарамі, хаты дыхтоўныя – старыя ды новыя! Людзі знайшлі тое, што доўга шукалі… А хтосьці нарадзіўся тут! Жыві і радуйся чыстай экалогіі… Так было не адзін год, але прыйшоў на Смаргоншчыну новы замежны заможны інвестар – і на даляглядзе ў Данюшаве (і не толькі тут!) з’явіліся дымныя трубы. Хочаш рассмяшыць Бога, раскажы яму пра свае планы – займець шыкоўную сядзібу ў экалагічна чыстым месцы! Зрэшты, усё адносна: галоўнае на фільтрах не ашчаджаць… Але ж ашчаджаюць.