Ліхтарыкі ў цемры



Запальвайце ліхтары ў цемры, не наракайце на адсутнасць святла… Не жальцеся. Думка вартая ўвагі, але падчас лепш увогуле на святло не выходзіць, асабліва калі ў вашым мястэчку ашчаджаюць на ліхтарах. Грошы пайшлі па раскошы… Але справа не ў гэтым.

Справа ў гульнях, у якія гуляюць людзі. Людзі заўжды гуляюць у гульні. Пытанне ў правілах або іх адсутнасці. Ёсць людзі, якія хочуць быць першымі любым коштам, а ёсць тыя, хто не прызнае перамогі з прысмакам фальшу, горычы, падману… Справа ў тым, што гэтыя дзве каманды не павінны разам выходзіць на поле. Не варта гуляць па правілах, калі ты настроены супраць саміх норм і правілаў. Не варта парушаць, калі ты з іншага лагеру. У адваротным выпадку лагер пераўтворыцца ў ГУЛАГ для хлопчыкаў з добрых сямей.

Здаецца, усё проста і зразумела, але ў адной цудоўнай краіне шахматысты ўсё роўна спрабуюць гуляць у хакей на пляцоўцы, дзе правілаў не існуе. Неверагодна, але факт: яны яшчэ спрабуюць выіграць. Не варта. Кожны павінен займацца сваёй справай. Хакей пакінем хакеістам, шахматы – шахматыстам, а аматараў вышываць крыжыкам і граць на віяланчэлі ўвогуле не звалі ў нашу пясочніцу. Тут занадта шэра і холадна, спадарства. Накрапвае халодны восеньскі дождж.

Не жальцеся, спадары-шахматысты, на паразу ў гэтай гульні. Гэта не ваша гульня. Проста не прыходзьце іншым разам – заставайцеся дома. Не стварайце масоўку для гульца, які не прызнае правілаў. Хай пабудзе адзін… Са сваёй камандай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ