Людзі і кнігі
Тэарэтычна мець свайго нобелеўскага лаўрэата – гэта шыкоўная магчымасць піяру сваіх кніг і мастацтва чытання кніг увогуле, а на практыцы… Розныя гісторыі здараюцца.
У лютым месяцы на краўдфандынг-платформе Ulej стартавала кампанія па зборы грошай на выданне пяцітомніка нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Агульная назва – «Галасы Утопіі». Абноўленая версія кніжак «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва» і «Час сэканд-хэнд». Збор фінішаваў у красавіку. Кампанія пабіла рэкорды народнага фінансавання ў Беларусі: 660 чалавек агулам ахвяравалі 231 942 рублі – 580% ад усёй патрэбнай сумы (арганізатары разлічвалі сабраць 40 тысяч рублёў).
Справамі кніжнымі займалася выдавецтва “Логвінаў”. Асноўным фундатарам праекту быў “Белгазпрамбанк”. Многія-многія беларусы фінансава і творча падтрымалі праект – многія ж прыйшлі на закрытую прэзентацыю ў прастору OK16 – для ўсіх, хто спрычыніўся да выхаду серыі кніг. Стылёвая і салідная вокладка, густоўны пераклад, адсутнасць цэнзуры ў тэкстах – шыкоўны падарунак для ўсіх, хто ў тэме… Тэме добрых кніг.
Гісторыя мае нестандартны працяг – існуюць у прыродзе людзі, якія ад шыкоўных падарункаў адмаўляюцца. Так Гарадзенская вобласць адмовілася ад бясплатнай перадачы пяцітомніка пісьменніцы – пра гэта распавёў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка. Маўляў, сказалі – хопіць таго, што маем… Але ж вы не маеце новых перакладаў нобелеўскай лаўрэаткі на родную мову! Вы іх мець не можаце ў прынцыпе! Спадар Бабарыка прапанаваў бібліятэкам Гарадзеншчыны ў прыватным парадку звяртацца ў абласное прадстаўніцтва Белгазпрамбанка за кнігамі нобелеўскага лаўрэата… А як жа прэміі? Кіраўніцтва? Неварагодна, але факт – мы яшчэ маем не толькі самаўпэўненых чыноўнікаў, але і смелых бібліятэкараў.
Творы Святланы Алексіевіч у перакладзе на беларускую мову хутка з’явяцца ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы і яшчэ 13 публічных бібліятэках Гародні. Добрыя кнігі павінны прыходзіць да чытача – хай сабе і партызанскімі сцежкамі! Бібліятэкі па ўсёй краіне не маюць дэфіцыту выключна ў плане папсовых раманаў і дэтэктываў не самай высокай якасці.