Люты… Дзень сурка



Прыйшоў люты, пытае, ці моцна абуты… Апошні месяц зімы – якім ён будзе для нас? 2 лютага ў ЗША і Канадзе народ згадвае славутага сурка, а ў іншым канцы свету прыгадваць яго не мае сэнсу: усё жыццё пераўтварылася ў суцэльны Дзень сурка.

Усё паўтараецца. Няўстойлівае надвор’е стала класікай, а шэрыя хмары не сыходзяць з айчыннага далягляду… На даляглядзе палітычным зноў з’явілася тэма выбараў – прэзідэнцкіх і парламенцкіх адразу. Хтосьці паспяшаўся заявіць пра свае амбіцыі ў дадзеным накірунку, але ў іх таксама нічога новага няма. Так, мы можам паразмаўляць пра палітыку, мову і літаратуру… Пра экалогію нават! Чаму б не зрабіць гэта, раз ужо тэма ўсплыла? Але ці варта размаўляць пра тое, што і так зразумела: хто, калі, чаму, навошта і як надоўга… Некаторыя праекты ўжо ў самым сваім пачатку не маюць шанцаў на шчаслівы фінал, то ці варта напружвацца? Тым болей, няма гарантыі, што трапіш у паважную кампанію са сваім жаданнем паразмаўляць пра прыгажосць і мастацтва немагчымага.

Варта сустракацца з людзьмі і размаўляць, але ж не заўжды гэта будзе нагадваць вечары сустрэчы выпускнікоў, што традыцыйна праходзяць у беларускіх школах у першую суботу лютага. Сустракаеш сяброў па школе і разумееш, што ўсё не так дрэнна і ўсе рады бачыць адзін аднаго незалежна ад старых дзіцячых крыўдаў… Усе астатнія беларускія тусоўкі могуць пераўтварыцца ў чарговы незарэгістраваны пікет… снегавікоў.

Так, згадаем “перформанс” Юліі Нічыпарук, якая зляпіла снегавікоў, а праваахоўнікі палічылі гэта ўсё “несанкцыянаваным пікетам”: да снегавікоў былі прычэплены ўлёткі. Снегавікі былі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода побач з Берасцем… І ці толькі яны адны? Тыя ж міліцыянты, калі добра падумаць, таксама могуць быць супраць. Падумаць… Калі добра падумаць, то лепш сядзець на сваім хутары ды займацца справамі экалагічнымі. Пчол разводзіць, курэй, кветкі ці бульбу вырошчваць… Карацей, цалкам дэмакратычны падыход!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ