Махляры і пацярпелыя
Пажылых людзей падмануць вельмі проста: не тая ўжо хуткасць рэакцыі, не той спрыт і… Зашмат даверлівасці да людзей і свету. Мноства здараецца гісторый, героямі якіх з’яўляюцца бабуля ці дзядуля і махляры пад відам сацыяльных работнікаў ці пажарнікаў.
Толькі вось замест прафілактыкі пажараў ды сацыяльна-псіхалагічнай падтрымкі прападае рэшта пенсіі ці старанна зробленыя раней ашчаджэнні. Падобная гісторыя здарылася днямі ў Менску. У міліцыю з заявай звярнуўся 90-гадовы грамадзянін: прасіў прыцягнуць да адказнасці невядомую яму асобу, што падманула і выпрасіла 570 беларускіх рублёў.
Выявілася наступнае: каля паліклінікі па вуліцы Сухой да пажылога чалавека падышоў невядомы мужчына – сказаў, што ведае яго сына. І апошні быццам бы папрасіў у бацькі грошай. Мужчына паверыў незнаёмцу і перадаў яму 570 рублёў. Невядомы сышоў, піша газета “Звязда”. Пацярпелы праз нейкі час паразмаўляў з сынам – ніякіх грошай той не прасіў, тым болей, праз іншых людзей. Дзіўны гэты свет шчодрых пенсіянераў, гатовых бясконца дапамагаць сваім дарослым дзецям, але адна справа – даверлівы пажылы чалавек. Зусім іншая – далёка не старыя людзі ў цвярозым і ясным (?) розуме…
Дарослыя, сталыя людзі, гатовыя развітацца са сваімі заробкамі ды ашчаджэннямі і аддаць іх сумніўнай фірме New Assets Union, што абяцае залатыя горы. У Гародні распачаўся суд над 22-гадовым таварышам, што збудаваў фінансавую піраміду, абяцаючы патэнцыйным укладчыкам ад 100 да 300% прыбытку штомесяц. І паверылі. І прынеслі немалыя сумы!
Пацярпелымі прызнаны 900 чалавек. Страчаныя імі сродкі – 750 тысяч рублёў (больш 300 тысяч еўра). Вось пра што думалі ўсе гэтыя 900 чалавек? Лепш бы дазволілі сабе спакайнейшае жыццё і адпачынак на моры… Ці варта спадзявацца, што грошы з паветра – надзейны заробак? Жаданне халявы немагчыма знішчыць да рэшты! Такі сабе постсавецкі – ці які іншы? – сіндром.