Махляры на даляглядах радзімы



Ні эпідэмія усім вядомай трасцы, ні бягучыя палітычныя падзеі, ні зіма, ні дэпрэсія не могуць выбіць са стану раўнавагі махляроў рознага плану! Прачынаешся, п’еш каву – тэлефанаванне!

Шаноўная, ваш рухунак у мінусе – трэба яго папоўніць… Вас турбуюць з банка “Н” – можаце адказаць на пару пытанняў? Спадарыня, на вашым рахунку былі зроблены пэўныя целарухі – маем да вас пытанне! І гэтак далей, і гэтак далей… А прэзентацыі ваўняных пледаў  у вашым райцэнтры “С”? Распродаж пыласосаў? Любата, завітвайце да нас! Варыянтаў абдурыць вас процьма, шаноўнае спадарства! Не лічачы шлюбных аферыстаў… Нават са шкарпэткамі здараецца падман.

Гісторыя са шкарпэткамі здарылася ў горадзе Маладэчна. У мясцовы РАУС звярнулася жанчына і паведаміла: яе 15-гадовы сын набываў рэчы ў сеціве. Хлопец пералічыў аванс – замову не атрымаў. Справа ў тым, што ў адным з тэлеграм-чатаў падлетак убачыў аб’яву пра продаж спартовых шкарпэтак з лагатыпам папулярнага брэнду. У перапісцы прадавец пераканаў юнака набыць тавар оптам па выгадным кошце. Хлопец замовіў 17 набораў мужчынскіх шкарпэтак па тры пары кожны. Пачынаючы бізнэсовец паводзіў сябе неасцярожна? Так, але ж ён планаваў не гандаль, а падарункі сваім сябрам! У прыватнасці, гэта версія прагучала ў міліцыі. Перадаплата – 120 рублёў. Астатняе – пры атрыманні. Але задаволены прадавец вырашыў, што яму хопіць авансу і перастаў выходзіць на сувязь. Хлопец пажаліўся старэйшым, а тыя пайшлі ў міліцыю. Што будзе далей – пытанне, але любы досвед каштуе грошай, і тут яшчэ абышлося невысокім коштам. Ва ўсіх сэнсах гэтага слова.

Беражыце сябе і сваіх родных. Распачынаецца новы марозны тыдзень… Зіма, зіма ў Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ