Маркетынг беларускі – жорсткі і бессэнсоўны?
Хтосьці прынцыпова карыстаецца новымі рэчамі, а хтосьці – рэчамі ўжыванымі. І прычына не заўжды ў экалагічным падыходзе да жыцця. Часцей за ўсё – у грашах.
У раённых гарадах крамы сэканд-хэнду вельмі папулярныя – іх шмат, і яны розныя… Карыстаюцца попытам па той простай прычыне, што не кожны жыхар Смаргоні ці Маладэчна, напрыклад, зможа і захоча апранацца ў ГУМе. Так, “фабрычная” якасць – гэта плюс, але не заўжды сучасны стыль і прымальны кошт. То ідзем у сэканд-хэнд або едзем у Вільню ці Беласток. Едуць далёка не ўсе, бо шэнген атрымаць няпроста – у Смаргоні ўвогуле візавы дэфіцыт назіраецца апошнім часам… Вяртаемся да патрэбы ва ўжываных таварах.
Такая сітуацыя ў Беларусі назіраецца даўно. Усё даволі збалансавана: попыт нараджае прапанову, а тавар знаходзіць свайго пакупніка, але… На даляглядзе з’явілася спадарыня, якой катэгарычна не падабаюцца ўжываныя рэчы і тое, што ў нас “развялося” зашмат крамаў, дзе імі гандлююць… Новая старшыня “Беллегпрама” Таццяна Лугіна.
Спадарыня Лугіна заявіла днямі ў інтэрв’ю: маркетынг беларускіх вытворцаў адзення трохі кульгае – у адрозненне ад дызайну і якасці… То бок у цэлым, беларускае адзенне класнае, але чамусьці дрэнна прадаецца. Затое добра прадаецца сэканд-хэнд – і вось тут узнікае новае пытанне. Пытанне пра ўмовы яго існавання на беларускім рынку… Пэўна, занадта добра пачуваецца і маркетынг іпэшнікі добра наладзілі – трошкі зайздросна, трэба разабрацца! І таварышы з “Беллегпрама”, безумоўна, разбяруцца…
Толькі вось настаўніца або доктарка сама цудоўна разумее, якая сукенка ёй патрэбна сёння – айчынны брэнд або сэканд-хэнд. Іншая рэч, што яна можа сабе дазволіць – тая доктарка ці настаўніца. Пра пенсіянерак мы ўвогуле маўчым: ім на лецішча і ў старым адзенні ездзіць добра на самым экалагічным відзе транспарту – на ровары!
Гэта ж нармальна – дазваляць сабе новыя (прыгожыя і стылёвыя!) рэчы, праўда? Ненармальна, калі сукенка “заважыць” трэць твайго заробка або палову пенсіі. Вось і прыходзіцца жанчынам набываць ужыванае або ісці на рынак. Не ад добрага жыцця, не ў пошуках стылю, але і не з-за яго адсутнасці, спадарства. Сёння нашы жанчыны маюць выбар – 5 еўра або 50 за лёгкі сарафан, але што будзе далей? Айчынны жорсткі маркетынг – адна якасная сукенка на ўвесь тыдзень (месяц, год…)? То добра доктарцы – белы халат хавае адзенне! Настаўніцы цяжэй… Пенсіянеркам і так добра.